Хварэем на Brit Pop 


Хварэем на Brit Pop
Хварэем на Brit Pop


Вітаю ўсіх хворых на музыку. Вы слухаеце Еўрарадыё і праграму “Аўдыёпатыя”. Сёння, як і заўсёды, прымае Валынскі Дохтур. А хвароба, якую мы з вамі будзем разглядаць, называецца брыт-поп.

Так-так, даволі распаўсюджаны вірус у наш час, а таму ведаць яго трэба дасканала, каб не дазваляць яму прымаць больш попавыя, чым брытавыя формы.

Але пра ўсё па чарзе, а таму традыцыйна пачынаю з азначэння, якое дае брыт-попу кансіліўм найлепшых музычных лекараў свету.

Напэўна вы ведаеце, што брыт-поп — гэта адно з адгалінаванняў вірусу альтэрнатыўнага року. Так званае адраджэнне ў Вялікабрытаніі гітарнага стылю поп-музычнай хваробы, якая дамінавала ў 60-х гадах.

Брыт-поп з'явіўся як адказ на папулярны вірус гранджу. На пачатку дзевяностых Курт Кабэйн праспяваў Smells like teen spirit, і музычныя лекары ў адзін голас заявілі, што гранж з гэтага часу – самы распаўсюджаны вірус. Але хлопцы з брытанскіх выспаў не пажадалі мірыцца з падобным становішчам рэчаў. І вось тут пачалося... але пра гэта ў наступнай рубрыцы, а пакуль я проста скажу, што за бліжэйшую гадзіну вы пачуеце такіх хворых на брыт-поп, як Suede, Radiohead, не здзіўляйцеся, але Robbie Williamsа, і расіянаў “Торба на круче”. А дыягнаставаць мы з вамі будзем беларусаў Open Space, а дакладней вакаліста гурта Віталя Маціеўскага.

Ну, а зараз давайце паслухаем адных з першых захварэлых на брыт-поп, гурт The Stone Roses і кампазіцыя She's my sister. Прапаную слухаць уважліва і наладжвацца на інфармацыйную хвалю, бо адразу пасля песні я раскажу вам гісторыю гэтага захворвання.

The Stone Roses
The Stone Roses


Анамнэз: Гісторыя Хваробы

Яшчэ Beatles зрабілі меладычныя гурты, дзе вядучым інструментам з’яўлялася гітара, выключна брытанскай традыцыяй. Безумоўна, гэтая традыцыя ўвесь час аднаўлялася новымі музычнымі захворваннямі. Але непасрэдна Britpop, які з’явіўся ў 90-ых, увабраў найбольшую колькасць сімптомаў традыцыі, чым усе папярэднія адгалінаванні рок-музычнага вірусу.

Нягледзячы на тое, што Britpop вірус пайшоў ад брытанскіх індзі-хворых гуртоў, ён з самага пачатку быў моцна камерцыйным. Асноўнымі каштоўнасцямі гуртоў новага брытанскага вірусу былі тыя ж, што і ў прадстаўнікоў папсовага гламуру, яны таксама прагнулі папулярнасці і грошай.

Да гэтага дадавалася агульная думка, што яны ствараюць, так бы мовіць, саўндтрэк да жыцця новага пакалення брытанскай моладзі. Больш скажу, яны імкнуліся да канкрэтна брытанскай моладзі. Britpop-хворыя гурты ўсхвалялі і каментавалі іх жыццё, іх культуру і іх музычную спадчыну, нягледзячы на тое, што гэта магло адштурхнуць ад саміх музыкаў, напрыклад, амерыканскіх слухачоў.

Юнацкі задор брытпопу і прага папулярнасці былі рэакцыяй не толькі супраць сціпласці і палітыкі антызорнасці пачатку 90-ых, але таксама і на развіццё амерыканскага grunge-вірусу і шматлікіх хворых на electronic-dance, якія актыўна выходзілі на святло з андэграўндных пляцовак.

Безумоўна, музычна брыт-поп быў прапітаны песнямі Beatles, але таксама і гучаннем Kinks канца 60-х. У ім з’явіліся элементы ўльтрасучаснага руху, які прадстаўлялі гурты the Who, the Small Faces, сімптомы glam-року 70-ых (David Bowie, T. Rex, Roxy Music), панку і новай хвалі (the Jam, the Buzzcocks, Wire, Madness, XTC, Squeeze, Elvis Costello), а таксама альтэрнатыўнасці гучання гітары the Smiths.

Але празмерная “брытанскасць” гэтых музыкаў дазволіла толькі адзінкам стаць культавымі асобамі ў ЗША і Еўропе.

Давайце прайдземся па імёнах. The Stone Roses былі аднымі з першых сапраўды хворых на брыт-поп. Іх даволі лёгкія музычныя ўлоўкі і паводзіны ў стылі рок-зорак вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё вірусу.

Але сапраўднымі заснавальнікамі Britpop-захворвання сталі Suede. Выдадзены ў 1993 годзе, іх аднайменны дэбютны дыск стаў нечаканым ударам з-за сплаву бліскучасці глэм-рок хваробы і самааналізу гурта Smiths.

Такім чынам Suede адчыніў дзверы для развіцця і распаўсюджвання брыт-поп вірусу. У выніку чаго Вялікабрытанія зноў стала галоўнай краінай у свеце рок-хворых. Амерыка ж пакінула за сабой права развіваць панк-рок вірус і розныя яго адгалінаванні. Праўда, ужо ў трэцім тысячагоддзі брыт-поп прызналі і там, разам са з’яўленнем, напрыклад, The Killers і The Strokes – калектываў, на якія безумоўна паўплывала брытанская "гітарная" хваля.

Давайце паслухаем тых, каго называюць бацькамі брыт-попу, гурт Suede і іх вядомы хіт, які стаў класікай вірусу, Beautiful Ones. Пасля чаго я распавяду вам пра прэцыдэнт, звязаны з брыт-поп захворваннем.

Suede
Suede


Прыцыдэнт.

Я думаю, што ні для каго не будзе сакрэтам, што на сённяшні дзень самым вядомым прадстаўніком брыт-поп захворвання з’яўляецца гурт Radiohead. Гэта не дзіўна, бо, нават, кансіліўм музычных лекараў свету лічыць Radiohead адным з самых уплывовых рок-гуртоў 90-х. Паводле дадзеных на канец 2007 года, альбомы Radiohead былі прададзеныя ў колькасці 25 мільёнаў асобнікаў.

Часопіс Rolling Stone у 2005 годзе паставіў Radiohead на 73-е месца ў спісе самых вялікіх музыкаў у гісторыі. Усе альбомы, пачынаючы з The Bends і да Hail to the Thief, намінаваліся на ўзнагароду Грэмі за «Лепшы альтэрнатыўны альбом» (двойчы Radiohead перамагалі), усе альбомы атрымалі статус залатых ці платынавых у ЗША і Вялікабрытаніі і трапілі ў складзены сайтам Music Chain спіс «Тысячы аднаго альбома, які ты проста абавязаны паслухаць!» І гэта толькі малая частка дасягненняў калектыву.

Спадзяюся, вы не здзіўляецеся майму выбару прэцыдэнта для брыт-поп вірусу. Ёсць і яшчэ адно дасягненне ў Radiohead, пра якое я проста не магу не сказаць. Справа ў тым, што гурт быў заснаваны ў 1986 годзе, і яго склад да гэтага часу не змяняўся. Ці шмат сусветнавядомых гуртоў вы ведаеце, каб яны хварэлі на рок столькі год, і заставаліся цалкам у арыгінальным складзе. І я ведаю, але не шмат.

Гісторыю гурта цалкам расказваць я не буду, гэта не так ужо і цікава, а вось пра альбомы паразмаўляць можна. Пачнем з дэбютнага міні-альбому Drill, які быў выдадзены ў сакавіку 1992 года. У чартах ён заняў сціплае 101-е месца. Таму для запісу дэбютнага поўнавартаснага альбому Radiohead запрасілі Пола Колдэры і Шона Слэйда, якія да гэтага працавалі з Pixies і Dinosaur Jr.

Так, у верасні таго ж году з'явіўся сінгл «Creep». Але дзіўна, што прайшоў ён амаль незаўважна. У выніку, з'яўленне дэбютніка Pablo Honey 22 лютага 1993-га года таксама не вельмі паспяхова адлюстравалася ў чартах, аднак пасля рэлізу дыска папулярнасць «Creep» рэзка і нечакана падскочыла, сінгл дабраўся да сёмага месца, а відэакліп на песню трапіў у ратацыю на MTV.

Яшчэ адна цікавостка — тое, што шматлікія музычныя дактары з усяго свету параўноўвалі Radiohead таго перыяду з Nirvana, асноўнай паралеллю было падабенства рыфаў песні «My Iron Lung» і песні Nirvana «Heart-Shaped Box».

Гурт выдаў яшчэ адзін альбом, зладзіў некалькі працяглых тураў, адзін з якіх з ужо папулярным гуртом R.E.M., але камерцыйны поспех да яго прыйшоў толькі ў 1996-1998 гадах, разам са з’яўленнем альбома OK Computer. Песні на дыску атрымаліся меладычна-рокавымі, але з дадаткамі электроннай музыкі. Канешне, яскравы эмацыйны вакал Тома Ёрка таксама зрабіў сваю справу, і ў выніку OK Computer лічыцца класікай рок-музыкі 90-х і ўваходзіць у спісы «Лепшых альбомаў» паводле розных версіяў.

На 40-й цэрэмоніі ўручэння Грэмі OK Computer быў прызнаны лепшым альбомам у жанры альтэрнатыўнай музыкі, і быў аднім з прэтэндэнтаў на прэмію ў намінацыі «Альбом года».

Далей расказваць я не буду, бо ў музыкаў, на жаль, пачалі паступова праяўляцца сімптомы іншых рок-вірусаў. А таму прапаную паслухаць першы поспех музыкаў, яшчэ хворых выключна на брыт-поп, песню Creep.

Radiohead
Radiohead


Спадзяюся, вам хапіла часу, каб сабрацца і сфармаваць агульнае ўяўленне пра вірус брыт-попу. У хуткім часе на прыём да Валынскага Дохтура завітае беларускі калектыў Open Space, але спачатку трэба сказаць, што брыт-поп вірус даволі распаўсюджаны па ўсёй постсавецкай прасторы.

Пачалося ўсё з самай еўрапейскай частцы — Прыбалтыкі. Найбольш паспяховым гуртом гэтага захворвання лічыцца Brainstorm. Іх хіт «Maybe» заваяваў слухачоў не толькі на радзіме і ў СНД, але нават у Вялікабрытаніі.

Калектывам, які прывёз брытпоп у Расію, лічыцца “Мумий Тролль”. Пазней у Расіі даволі гучна заявілі пра сябе такія калектывы, як “Земфира”, “Мультfильмы”, “Сегодня ночью”, а ва Украіне — “Ундервуд”, “Океан Ельзи”, “Друга Ріка”, “С.К.А.Й.”.

Але слухаць мы будзем не вельмі вядомы расійскі гурт “Торба на круче” і песню, якая мне зносіла дах у студэнцкія часы, “Интернет”.

Торба на круче
Торба на круче


Рэгістратура:

Валынскі Дохтур:
Нагадваю, сёння Валынскі Дохтур разам з слухачамі Еўрарадыё знаёміцца з брыт-поп вірусам. Але, як заўсёды ў другой частцы “Аўдыёпатыі”, не хапе часу, а таму адразу пераходзім да рэгістрацыі сёняшняга пацыенту. Тваё імя?

Пацыент:
Мяне завуць Віталь, гурт называецца Open Space.

В.Д.:
Як даўно вы граеце разам?

В.М.:
Калі быць дакладным, то з 12 сакавіка 2006 года. Атрымліваецца, што ўжо імкліва ідзе трэці год.

В.Д.:
Ці лічыш ты, што вы ўжо чагосьці дасягнулі за гэтыя гады?

В.М.:
Калі быць сціплым, то – так! Таму што мы за гэты час паспелі выдаць два дыскі, першы з якіх быў дэма “Wake up” і складаўся з 6 кампазіцый. Ён быў проста як візітоўка для слухача, каб паказаць тое, чаго мы дасягнулі на гэты момант. А крыху пазней, увосень 2007, года мы выдалі больш сур’ёзны дыск – максі-сінгл “Beautiful”. На яго трапіла толькі 5 кампазіцый, але гэта была спроба пяра. Каб паспрабаваць сябе на больш правесійным узроўні, зрабіць пяць абсалютна якасных студыйных кампазіцый. Вось такія дасягненні.

В.Д.: Скажы, як вы збіраліся, чыя гэта была ідэя і ці адразу было вырашана граць брыт-поп?

В.М.:
У нас даволі цікава атрымалася, бо мы, у той час яшчэ звычайныя хлопцы, якія мараць пра стварэння калектыву, блукалі па розным музычным форумам, дзе на адной з тэмаў па стварэнні калектыву менавіта ў гэтым стылі мы знайшлі адзін аднаго (маецца на ўвазе з басістам Севам Маславым). Сустрэліся, а далей заставалася шукаць толькі бубнача ды гітарыста.

В.Д.:
Атрымліваецца, два лідэра ў калектыва?

В.М.:
Я б так не сказаў. Мы для сябе зрабілі вынік, што лідэр у гурце гэта не ёсць добра. То бок, атрымліваецца, што слова аднаго чалавека больш важнае за словы астатніх. Гэта не зусім правільна. Мы прыкладаем намаганні, каб слова кожнага ўлічвалася і было на аднолькавым узроўні. Можна сказаць, што ў нас лідэра няма. У кожнага ёсць свая разыначка, кожны па-свойму важны. Калі выкінеш з трэка, напрыклад, бас, то ўжо пачка будзе непаўнавартаснай. Выкінеш бубны – тое ж самае. Таму я лічу, што гэта няправільна, калі ў гурце ёсць канкрэтны лідэр.

В.Д.:
Што ж, думаю, гэтага дастаткова, каб пазнаёміцца з калектывам Open Space і яго вакалістам Віталём Маціеўскім. Дыягнаставаць Віталя на захворванне брыт-попам будзем адразу пасля адной з песень гурта. Называецца яна Only You. Нагадваю, гэта Аўдыёпатыя, на прыёме ў валынскага Дохтура.

Open Space
Open Space


Дыягностыка.

Валынскі Дохтур:
Спадзяюся, вакаліст гурта Open Space Віталь Маціеўскі гатовы да дыягностыкі. А вы, слухачы Еўрарадыё, гатовыя ўважліва слухаць ды адзначаць сімптомы хваробы, ці іх адсутнасць. Але для пачтку мне трэба даведацца, хто ў вас піша тэксты і музыку?

Віталь Маціеўскі:
Тэксты мы таксама пішам разам, як і музыку. Бо ў кожнага ёсць свой талент. І, калі я, напрыклад, прынясу нейкі тэкст, то кожны можа яго карэктаваць. Бываюць такія сітуацыі, калі чацвёра сядаем у пакоі і разам прыдумваем тэкст для новай песні.

В.Д.:
А што вас натхняе на напісанне гэтых песень?

В.М.:
Добры настрой і, напэўна, нейкае перакананне ў тым, што гэта камусьці трэба і цікава не толькі нам, але і слухачам.

В.Д.:
Давай наадварот, на што натхняе цябе брыт-поп?

В.М.:
Гэтую музыку я слухаю вельмі даўно. Калі сядзеў дома і граў на гітары, то ў мяне сачыняліся песні толькі ў гэтым стылі. Добра гэта ці не, але ў іншым я сябе не бачу. А што датычыцца брыт-попа...

В.Д.:
Што брыт-поп значыць у тваім жыцці?

В.М.:
На гэты момант – нейкая вельмі вялікая зацікаўленасць, якая, хацелася б, каб перарасла ў нешта значна большае. Каб можна было больш часу надаваць музыцы. Гэта для мяне важна. І з кожным годам гэтым больш і больш хварэеш.

В.Д.:
Ты прагнеш папулярнасці?

В.М.:
Я думаю, што кожны музыка ў душы пра гэта марыць, але, напрыклад, зараз у мяне няма жадання, каб канкрэтна пасадзілі на пасад караля брыт-попа. Самае цікавае — гэта паступова, прыступак за праступкам. У гэтым і ёсць сам густ таго, што адбываецца. Калі мінае месяц, ты робіш вынік і разумееш, што ён прайшоў не дарма. Што ты назапасіў чагосьці новага для сябе.

В.Д.:
Вы ўдзельнічаеце ў хіт-парадзе Unistar, так?

В.М.:
Так, ёсць такое шчасце.

В.Д.:
Па-першае, як вы туды патрапілі, а па-другое, як вы ставіцеся да таго, што стаіцё ў адным спісе з поп-зоркамі, ў тым ліку і беларускімі?

В.М.:
Ну, гэта прыемна. А патрапілі мы туды дастаткова проста. Яшчэ калі запісалі першы дэма-дыск, прыйшлі да музычнага рэдактара радыё Unistar. Ён паслухаў і сказаў, што яму вельмі спадабаўся матэрыял, хоць ён запісаны не ідэальна. І, калі мы выдалі дыск ужо на больш прафесійным узроўні, то песня Beautiful падалася музычнаму рэдактару патэнцыйным хітом і ён выставіў яе ў прэтэндэнты ў хіт-парад. Літаральна праз тыдзень песня пачала займаць нейкія пазіцыі, і на гэтым тыдні мы знаходзімся на 4-м месцы ў хіт-парадзе. Я лічу, што гэта вельмі добра, хоць бы таму, што мы рок-гурт. Тым не менш, мы цікавыя радыёслухачам, людзям, якім падабаецца папулярная музыка. А гэта значыць, што наш стыль не абмежаваны ніякімі рамкамі, ён даступны літаральна для кожнага слухача. Гэта, канешне, прыемна.

В.Д.:
Цалкам з табою згодзен. Дзякуй за размову, думаю, мне дастаткова таго, што пачуў, каб вынесці дыягназ і выпісаць рэцэпт. Спадзяюся, што ўсім слухачам Еўрарадыё таксама. Засталося яшчэ раз паслухаць песню калектыва-пацыента і ўпэўніцца ў дыягназе. Такім чынам Open Space і хіт-парадавая песня Beautiful гучыць на нашых хвалях.

Open Space
Open Space


Рэцэпт.

Нагадваю, што на хвалях Еўрарадыё гучыць “Аўдыёпатыя” і сёння разам з Валынскім Дохтурам мы знаёміліся з брыт-поп захворваннем. А дыягностыку праходзіў гурт Open Space, а дакладней яго вакаліст Віталь Маціеўскі. Не ведаю, як вам, а мне падалося, што Віталь, напэўна, адзін з самых яскрава выражаных хворых за ўсю гісторыю маёй доктарскай практыкі.

Амаль усе асноўныя сімптомы хваробы, якія вывелі тэарэтыкі, заўважныя ў вакаліста Open Space. Ён прагне папулярнасці, няхай хавае гэта за сціпласцю, але прагне. У той жа час удзел у хіт-парадзе папсовай радыёстанцыі ён лічыць дасягненнем. І ў гэтым Віталя не магчыма вінаваціць, бо рок-музыка ў нашай краіне знаходзіцца ў вельмі дрэнным становішчы. А таму, трэба ўсімі шляхамі даносіць да людзей, што існуюць больш небяспечныя хваробы чым папса.

Гэтым хлопцы і займаюцца. Адзінае, як і большасць беларускіх музыкаў, Віталь чамусьці робіць выгляд, ці насамрэч саромеецца сваіх песняў. Ці заўважылі вы, як нашыя рокеры выходзяць выступаць? Маўляў, прабачце нас калі ласка, мы тут некалькі песенак выканаем, а вы гэта... паслухайце нас, а? Карацей, харэ баяцца сваёй творчасці. І не трэба, нават, перад журналістамі рабіць выгляд сарамлівага, але вельмі таленавітага чалавека. Паверце, гэта можа толькі адштурхнуць патэнцыйных слухачоў, якія песень не чулі, але маглі б зацікавіцца ды паслухаць.

А вось калі нахабства музыкаў заўважнае, але не празмернае, то, нават, абураны слухач, глядач, наведвальнік, усё роўна паслухае, бо будзе цікава, што ж гэты выкрутаснік грае. Маўляў, не можа ж такі нахабны чалавек нічога з сябе не ўяўляць.

Але гэта ўсё выключна мае думкі, калі вы думаеце па-іншаму, то лістуйце на belradio@gmail.com з пазнакай Валынскаму Дохтуру. Я абавязкова разгледжу ўсе вашыя заўвагі і прапановы. А калі вы не згодныя з маім дыягназам і рыцэптам, то абавязкова віклікаю Віталя Маціеўскага на перадыягностыку.

Нагадваю, гэта была “Аўдыёпатыя”, пра вірус брыт-попу вам расказваў Валынскі Дохтур. Каб замацаваць усе атрыманыя веды, прапаную паслухаць выканаўцу, якога рэдка называюць хворым на брыт-поп. Але песня, якую мы паслухаем, з’яўляецца класікай гэтага вірусу.

Такім чынам Robbie Williams і яго хіт Let Me Entertain You гучыць на хвалях Еўрарадыё.

Сутрэнемся на наступным тыдні і памятайце, што хварэць на музыку не сорамна, але дазваляць хваробе развіцца да хранічнай папсы брыдка і небяспечна.

Robbie Williams
Robbie Williams



Хварэем на Brit Pop - 0 (mp3, 8MB)


Хварэем на Brit Pop - 1 (mp3, 7MB)


 

Даслаць каментар





captcha image

Пакуль няма каментароў.

AПОШНІЯ НАВІНЫ