ANTI-Тэст на беларускасць



Найперш маем просьбу да бацькоў (ці то перасцярогу). Напрамілы бог, не мудрагельце, дапамагаючы сваім дзецям рыхтавацца да выпускных іспытаў па гісторыі Беларусі і ЧГД. А лепш адкрыйце школьныя падручнікі па гісторыі і пачытайце іх: даведаецеся шмат нечаканага для сябе. Таму што гісторыя мае асаблівасць часам незаўважна ўдакладняцца да непазнавальнасці. Але пра гэта лепш за ўсё ведаюць вашы дзеці. У школе ім выкладаюць урок перапісвання гісторыі.

Мяркуючы па падручніках, гісторыя, якую яны праходзілі ў 9-м класе, вельмі адрозніваецца ад гісторыі краіны ў 11-м. Напрыклад, негатыўны момант аб'яднання БССР і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе ў падручніку 9-га класа гучыць так: "У заходніх абласцях Беларусі разгарнуліся сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. 30 тысяч сельскіх двароў былі аб'яднаныя ў калгасы. Гэты працэс, як і ва ўсходніх абласцях, быў гвалтоўным, углыб СССР высялялі тых, каго запісалі ў "ворагі народа".

А ў падручніку па гісторыі для 11-га класа чытаем удакладненую версію: "Такім чынам, заходнія землі ўключыліся ў агульнасаюзны працэс сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця… НЕ АБЫШЛОСЯ І БЕЗ РЭПРЭСІЙ. Ва ўсходнія раёны СССР былі выселеныя памешчыкі, капіталісты, частка кулакоў. Усяго разам з сем'ямі было рэпрэсавана больш за 100 тысяч чалавек. На жаль, СЯРОД ІХ БЫЛІ І НІ Ў ЧЫМ НЕ ВІНАВАТЫЯ ГРАМАДЗЯНЕ".
У падручніку па гісторыі Беларусі 9-га класа сталінскі палітычны рэжым названы таталітарным. Аднак у падручніку "Чалавек. Грамадства. Дзяржава" вы прачытаеце адну істотную агаворку:

"Перыяд знаходжання ва ўладзе ў СССР Сталіна ЯГО ПРАЦІЎНІКІ называюць таксама таталітарным". Увогуле, каб праверыць, як безнадзейна адсталі вашыя веды ў гісторыі краіны, прайдзіце наш антытэст на антыбеларускасць. Ён складзены па цытатах з падручнікаў па гісторыі Беларусі 11-га класа, школьнага падручніка "Чалавек. Грамадства. Дзяржава" за 10-ы клас і тэстаў з навучальнага дапаможніка "Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы". Жадаем Вам праваліць яго…

Copyright ERB 2010