Image 5788

Крамам пачалі даводзіць план на продаж піва (дакумент) 

З аднаго боку, піва ў нас не прадаецца пасля 23 гадзін, і мы нібыта змагаемся з піўным алкагалізмам. З іншага, крамам давялі план па продажы беларускага піва на год, і яго трэба выканаць.

Колькі піва мусіць прадаць краіна за 2008 год – вялікі сакрэт, які не раскрываюць. Кажуць толькі, што гэта “вельмі вялікае даручэнне”.



Па крамах усёй краіны выканаўчыя камітэты разаслалі лісты, у якіх напісалі, колькі піва якая крама мусіць прадаць. У адной з мінскіх крамаў Еўрарадыё назвалі іх лічбу.

Крама: “ За 2008 год мы мусім прадаць 35 тысяч дэкалітраў (350 тысяч літраў). Раней квота на піва не вылучалася. Былі заданні на макаронныя вырабы, на каўбасу, пяльмені, на шакалад, на крупы, муку і г.д., але піва – упершыню. Тут нават так адзначана, каб мы прынялі ўсе магчымыя меры для забеспячэння наяўнасці шырокага асартыменту піва айчынных вытворцаў...”

350 тысяч літраў піва ў год – гэта ў сярэднім 480 бутэлек у дзень (гэта план для сярэдняй, невялікай крамы).

Больш за 80% тавараў кожнай групы ў нашых крамах мусяць быць айчыннай вытворчасці. Таму і піва беларускага паўсюль нашмат больш, чым замежнага, і прадаць яго лягчэй. На пытанне Еўрарадыё, што крама збіраецца рабіць, каб прадаць столькі піва, мы пачулі нечаканы адказ – нічога. Піва і так цудоўна прадаецца.

Крама: “Думаю, ніякіх праблем з рэалізацыяй піва, канешне, не будзе, бо алкагольныя напоі: гарэлку, “чарніла”, піва – людзі ў нас “бяруць” добра, на жаль. Ніякіх мераў прымаць не трэба, піва прадаецца цудоўна, лепш бы так прадавалася каўбаса і пяльмені”.

Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкаму вырашала, колькі літраў піва мусіць прадаць кожная мінская крама. І менавіта яно рассылала ім лісты з гэтымі лічбамі.

- Буйнейшым крамам – большы план, меншым – меншы?
- Так, канешне.
- Гэта па ўсіх крамах горада?
- Рэспублікі. Тую лічбу, якую нам давяло Міністэрства гандлю, мы дзялілі па “сваіх” прадпрыемствах.
- У вас нейкі дакумент…
- Гэта ўсё ў Мінгандлі. У іх даручэнне там вельмі вялікае.
- Менавіта на піва?
- Так.

Пра тое, што будзе з крамай, якая не прадала патрэбную колькасць піва, пакуль не гавораць. З іншымі запланаванымі прадуктамі ўсё зразумела – прадугледжаны штраф, які нярэдка спісваецца.

“Мы паглядзім, якія будуць вынікі. Я пакуль не ведаю. Па выніках кварталу паглядзім, як яно будзе выглядаць. Можа, там нармальна ўсё будзе”.


Тым часам псіхолагі і медыкі занепакоеныя тым, што піўны алкагалізм у нашым грамадстве набірае сілу, але дагэтуль не ўспрымаецца сур’ёзна. Піўны алкагалізм – гэта адзін з відаў алкагольнай залежнасці. Ён вельмі распаўсюджаны цяпер у нашым грамадстве менавіта з-за даступнасці піва. Яно даволі таннае і паўсюль прадаецца. Нягледзячы на тое, што пасля 23 гадзін крамы і шапікі не прадаюць піва, яго можна замовіць праз таксоўку.

Спецыяліст па псіхалагічнай рэабілітацыі людзей з хімічнай залежнасцю Ігар Ільюкевіч распавядае, што праз некалькі гадоў даволі шмат людзей, якія “падселі” на піва, пераходзяць на больш моцныя напоі.

Ігар Ільюкевіч: “У нас даволі развітая культура піўнога п’янства, для нас сустрэцца за бутэлькай піва – справа звычайная і зразумелая. І існуе праблема адмаўлення – людзі п’юць піва і не лічаць сябе алкаголікамі, гэта нібыта несур’ёзна. Як правіла, людзі пераходзяць з часам на ўсё большыя дозы піва. Гэта таксама адна з фаз развіцця алкагалізму. А потым задумваюцца, што ім эканомней – выпіць тры бутэлькі піва ці адну гарэлкі, і пераходзяць на гарэлку”.

Дзяржава забараняе прадаваць піва позна ўвечары і накладае абмежаванні на рэкламу, але ў той жа час усталёўвае планы па дадатковых аб’ёмах на гэта самае піва. Застаецца пытанне, якая з гэтых мер больш дзейсная.


Крамам пачалі даводзіць план на продаж піва (дакумент) - 0 (MP3, 5MB)


 
 

Даслаць каментар









captcha image

піва
толькі беларускае

Апублікавана: буланава Серада, Люты 13, 2008
Адказаць



Дык незразумела, толькі беларускага піва? толькі ддзяржаўных канцэрнаў ці любое?

Апублікавана: Zap Аўторак, Люты 12, 2008
Адказаць



Дзяржава забараняе прадаваць піва позна ўвечары і накладае абмежаванні на рэкламу, але ў той жа час усталёўвае планы па дадатковых аб’ёмах на гэта самае піва. Застаецца пытанне, якая з гэтых мер больш дзейсная.



Пчолы супраць мёду!!!

Апублікавана: Армагедон Аўторак, Люты 12, 2008
Адказаць


 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>