Image 30218

Правайдэр: Магчыма, што ўказ прывядзе да закрыцця майго бізнесу 

Указ прэзідэнта “Аб мерах па ўдасканальванні нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт” падпісаны і пачне дзейнічаць з 1 ліпеня. Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто выйграе, а хто прайграе ад прапанаваных метадаў дзяржаўнага рэгулявання “сусветнага павуціння”.

Паводле словаў генеральнага дырэктара УП “Надзейныя праграмы”, дырэктара і заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера, пакуль ён не бачыць тых, хто можа прайграць ад прымянення распрацаванага Адміністрацыяй прэзідэнта ўказа.

Юрый Зісер: “Я дастаткова жорстка на ўсё гэта гляджу, але пакуль не бачу тых, хто прайграе. Бо той праект указа, які мы бачылі два месяцы таму, і тое, што атрымалася ў выніку, — гэта неба і зямля. За гэты час дзяржава заўважна папрацавала над указам, і ён стаў нашмат лепшым. Там не засталося ніякіх рэпрэсіўных мер, дзяржаўныя органы абавязалі весці сайты. Фактычна, гэта першы крок у стварэнні электроннага ўрада. Ідэнтыфікацыя карыстальнікаў замененая на ідэнтыфікацыю тэхнічнага абсталявання, гэтым Wi-Fi і WiMAX вяртаюцца ў легальнае поле”.

Некаторыя пункты ўказа, заўважае Юрый Зісер, будуць удакладняцца пастановай Саўміна, таму гаварыць дакладна пра тое, што будзе пасля 1 ліпеня, сёння цяжка.

Тое, што сённяшні ўказ моцна адрозніваецца ад праекта двухмесячнай даўніны, прызнаў і генеральны дырэктар кампаніі “Айчына плюс” Максім Ляўданскі. Але, кажа, засталіся спрэчныя моманты, па якіх тым жа правайдэрам неабходна атрымаць тлумачэнне ад розных міністэрстваў і ўстаноў.

Максім Ляўданскі: “Ёсць пэўныя моманты спрэчныя, якія неабходна будзе ўдакладніць. І ад гэтага ўдакладнення будзе разуменне таго, для каго і як гэта робіцца, стане больш зразумела, хто выйграе, а хто прайграе”.

Указ прэзідэнта, кажа дырэктар кампаніі “Айчына плюс”, будзе яшчэ змяняцца, у ім будуць з'яўляцца розныя дадаткі і ўдакладненні.

Максім Ляўданскі: “У кожнага дакумента ёсць свая мэта. І ў залежнасці ад гэтай мэты будуць дзейнічаць тыя, хто будзе яго змяняць. Калі гэта мэта — развіццё, то гэта адно. Калі ж яго мэты карныя, то зусім іншыя будуць праўкі”.

У той жа час ён прызнае, што існуюць у Інтэрнэце праблемы, вырашэннем якіх даўно трэба было пачаць займацца.

Максім Ляўданскі: “Сапраўды, ёсць праблема: 90% трафіка сыходзіць за мяжу. Але наколькі гэта можна вырашыць указам, гэта ўжо спрэчнае пытанне. З другога боку, у нас большасць буйнога бізнесу знаходзіцца ў дзяржаўным сектары, які падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту. І, можа, сапраўды — як па прадпрыемстве ідзе загад дырэктара, дык і тут трэба так. Бо ніхто без загада дырэктара нічога не будзе рабіць”.

Ва ўказе, кажа Максім Ляўданскі, сказана, што неабходна дзяржструктурам развіваць свае сайты — яны за гэта возьмуцца. І нават, магчыма, на адпаведным узроўні.

Максім Ляўданскі: “Напэўна, адсоткаў 15 толькі займелі свае сайты. З гэтых 15 адсоткаў палова сайтаў звярстаныя на каленцы дзецьмі-студэнтамі ў якасці курсавых прац за бясплатна. У выніку мы атрымліваем імідж Беларусі, “звярстаны на каленцы”. Напэўна, гэта няправільна”.

Калі, кажа, указ накіраваны на паляпшэнне такога Інтэрнэт-іміджу краіны, то ён абедзвюма рукамі за яго. Але ж магчымы і іншы варыянт развіцця падзей.

Максім Ляўданскі: “Калі ўказ накіраваны на гэта, то я толькі “за”, гэта на карысць, і я гатовы дапамагаць. Калі ж гэта накіравана на іншае і мы ідзем па шляху Паўночнай Карэі, то тады, напэўна, трэба мне закрываць свой бізнэс і сыходзіць з гэтага рынку. Сэнсу ў далейшым проста няма”.

У адрозненне ад папярэдніх суразмоўцаў Еўрарадыё, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, наадварот, не бачыць тых, хто ад прымянення гэтага ўказа на практыцы выйграе. Затое, кажа, прайграюць і правайдэры, і карыстальнікі. А ўсе дапрацоўкі ўказа іншымі міністэрствамі будуць адбывацца ў той сістэме каардынат, якія ад пачатку закладзеныя ва ўказе. І гэта, на яго думку, сістэма абмежаванняў. А развіццё Інтэрнэта мусіць ісці ў іншым ад абмежаванняў накірунку.

Андрэй Бастунец:
“Трэба ўлічваць, што гэта транснацыянальны сродак камунікацыі і інфармацыі, і ўсе пытанні рэгулявання Інтэрнэта трэба абмяркоўваць і каардынаваць з еўрапейскімі краінамі. Спрыяць развіццю Інтэрнэта і шукаць магчымасці зрабіць яго больш танным, каб пашырыць каналы сувязі і каб павялічыць колькасць знешніх каналаў сувязі”.

На яго думку, калі Інтэрнэт дзякуючы ўказу стане больш танным, то гэта будзе адзіная карысць, якую ён можа прынесці. Але дабіцца гэтага можна было б і без згаданага дакумента.


Правайдэр: Магчыма, што ўказ прывядзе да закрыцця майго бізнесу - 0 (mp3, 1MB)


 
 

Даслаць каментар









captcha image

Интернета.нет
Готов поспорить, что все придет к тому, что сняли вот эти ребята: http://robohop.net/index.php?option=com_content&view=article&id=21%3Ainternetanet&catid=6%3Arobotv&Itemid=3〈=ru Увидим, что будет через... год.

Апублікавана: klim@tut.by Аўторак, Люты 2, 2010
Адказаць


 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>