Image 29372

“Рок-каранацыя” сёлета стане клубнай і аб’яднаецца з рэпам і поп-рокам

У інтэрв’ю Еўрарадыё арганізатар фэсту Юрый Цыбін назваў хэдлайнераў сёлетняй цырымоніі, распавёў пра новыя намінацыі і змены фармату.

Сёлетняя “Рок-каранацыя”, прызначаная на 4 сакавіка, нечакана пройдзе ў клубе “Рэактар”, перамясціўшыся туды з вялікіх канцэртных залаў. Разам з тым, як распавёў Еўрарадыё заснавальнік фэсту Юрый Цыбін, чакаецца чарговая змена фармату "Рок-каранацыі".

Юрый Цыбін:
“У гэтым годзе будзе “Рок-каранацыя” з пашыраным фарматам удзельнікаў гэтага фэсту. Будзе нейкі рэпавы гурт, альтэрнатыўны гурт. Сапраўды альтэрнатыўны — не тое, што маюць на ўвазе, калі паказваюць нейкія рок-канцэрты альтэрнатыўнага року. Гэта будзе сапраўды альтэрнатыўны гурт, які грае, магчыма, не рок-музыку. І я спрабую ўвесці такі фармат, як поп-рок”.

Летась “Рок-каранацыя” праходзіла ў Маладзечне ў суправаджэнні мясцовага сімфанічнага аркестра. Тады ж арганізатары заявілі, што ў 2010 годзе з назвы фэсту знікне слова “Рок”. Маўляў, будзе пашыраны фармат і за ўзнагародамі на сцэну выйдуць не толькі рокеры. Але сёлета, напярэдадні чарговай “Рок-каранацыі”, заснавальнік фэсту Юрый Цыбін адхрышчваецца ад гэтых слоў.

Юрый Цыбін: “З маіх вуснаў такая інфармацыя ніколі не сыходзіла. Яна сыходзіла ад маіх калег, якія дапамагаюць мне рабіць “Рок-каранацыю”. Яны мяне ўвесь час стараюцца ўпэўніць у тым, што трэба змяніць назву, змяніць фармат. Але хоць ад мяне гэтая інфармацыя не сыходзіла, я яе і не абвяргаў”.

Паводле яго слоў, адмаўляцца ад назвы, звыклага брэнда рана. Таму і сёлетняя 14-я, і юбілейная “Рок-каранацыя” ў 2011 годзе пройдуць пад старой назвай. А што будзе з ёю далей — пакажа час.

У гэтым годзе Маладзечна ізноў прэтэндавала на правядзенне “Рок-каранацыі”. Музыкі сімфанічнага аркестра нават паабяцалі вывучыць партытуру рок-песень пераможцаў. Але перавагу арганізатары аддалі мінскаму клубу. Уразіўшыся тым, як там прайшоў арганізаваны імі ж фэст "Рок па вакацыях". Нягледзячы на тое, што пераманіць да сябе “Рок-каранацыю” спрабавалі не толькі іншыя гарады, але і вялікія сталічныя залы.

Юрый Цыбін: “Нам прапаноўвала Маладзечна сёлета таксама зрабіць у іх. І дырэктар музычнага каледжа Рыгор Сарока казаў: “Давайце сёлета сімфанічны аркестр сапраўды вывучыць рэчы рок-н-рольныя — і зробім”. Прапанавалі ў Гродне зрабіць, прапанавалі некалькі вялікіх залаў у Мінску зрабіць “Рок-каранацыю”. Але чамусьці мне здаецца, што зараз патрэбна дынамічны моладзевы варыянт зрабіць менавіта ў клубе”.

Не спраўдзілася і яшчэ адно леташняе прадказанне — аб правядзенні “Рок-каранацыі” ў Оперным тэатры. Тым не менш, Юрый Цыбін не адмаўляецца ад гэтай ідэі і абяцае, што ў наступным годзе яна абавязкова пройдзе менавіта там.

Юрый Цыбін: “У наступным годзе, калі мы наступную, 15-ю “Рок-каранацыю” зробім, яна пройдзе ў Оперным тэатры. Яны пра гэта не ведаюць, але я зраблю ўсё, каб нейкі вынік падвесці цікава”.

На гэтым новоўвядзенні і сюрпрызы заканчваюцца. Прынамсі, ніякіх зменаў у намінацыях не чакаецца. Пакуль.

Юрый Цыбін: “Рок-князёўна” адназначна будзе. Адназначна — “Традыцыя і сучаснасць”, “Рок-карона”. “Дэбют”, “Падзея”, “Альбом”, “Песня” — гэта ўсё застанецца. І дададуцца нейкія іншыя намінацыі, уключна нейкія спецыяльныя, можа нехта нешта новае прыдумае”.

Іншае пытанне — ці ёсць каму даваць узнагароды ва ўсіх гэтых намінацыях. Юрый Цыбін сцвярджае, што, нягледзячы на адсутнасць ў мінулым годзе асабліва яскравых падзей ў жыцці айчыннага рок-н-рола, узнагароджваць ёсць каго і ёсць за што.

Юрый Цыбін: “Ёсць з чаго выбіраць. На жаль, не з’явілася, як пазалетась, яскравых адкрыццяў, якія хацелася б асабліва вызначыць, але ж, нягледзячы ні на што, нейкія падзеі ў беларускім рок-н-роле адбываліся. І гэта мяне вельмі радуе. Бо я ведаю, з чаго рабіць “Рок-каранацыю” і на што абапірацца зараз”.

Вызначаць пераможцаў будзе журы з 12 чалавек. Праўда, хто ўваходзіць у склад “прафесійнага рок-журы”, арганізатар “Рок-каранацыі” казаць не захацеў. Але ўпэўніў, што гэта людзі, якія ведаюць, любяць і разбіраюцца ў гэтай музыцы. Што тычыцца ўдзельнікаў канцэрта, то пакуль Юрый Цыбін назваў толькі хэдлайнераў.

Юрый Цыбін: “Асноўныя ўдзельнікі ў нас — гурт “Без Білета”, “Нака”, “Нейра Дзюбель”, “Крама”, “Жнюв”. “Ляпіс Трубяцкой”, спадзяюся, дасць згоду і будзе таксама. Будзе Зміцер Вайцюшкевіч. Наконт астатніх пакуль не ведаю — ідзе ўзгадненне”.

Усяго ж, кажа, у “Рок-каранацыі” возьмуць удзел 10-12 гуртоў. Увесь канцэрт-узнагароджанне будзе зняты на відэа. Потым змантуюць фільм, які арганізатары гатовыя прадаць ці нават аддаць бясплатна для паказу беларускаму тэлебачанню.


 
 

Даслаць каментар









captcha image

Пакуль няма каментароў.

 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>