Image 28806

З-за АЭС Вілія будзе штодня губляць 110 тысяч кубаметраў вады 

У выпадку пабудовы Астравецкай атамнай станцыі рака Вілія будзе штодня губляць 110 тысяч кубаметраў вады. І як вынік можа страціць шэраг сваіх прытокаў

Рака Вілія знаходзіцца ў цэнтры ўвагі эколагаў і крытыкаў будаўніцтва АЭС на Астравеччыне. Напрыклад, літоўскіх экспертаў непакоіць тое, што атамная станцыя будзе пабудаваная ў басейне ракі, якая цячэ непасрэдна праз іх сталіцу. Беларускія апаненты АЭС цвердзяць пра рэальную пагрозу знікнення цэлага шэрагу малых рэчак, прытокаў Віліі. І, адпаведна, пра велізарную шкоду мясцоваму жывёльнаму свету.

Сябра Грамадскай каардынацыйнай экалагічнай Рады пры Міністэрстве прыроды Ніна Палуцкая звяртае ўвагу на тое, што праект Астравецкай АЭС прадугледжвае татальную эксплуатацыю ракі. Штодня на патрэбы станцыі з Віліі будзе забірацца 220 тысяч кубаметраў вады, вяртацца — удвая менш. Эколаг падкрэслівае, што ў Справаздачы па ўплыве на навакольнае асяроддзе АЭС (СУНА) адсутнічаюць звесткі пра змены ў хімічным і тэмпературным складзе адпрацаванай вады. А таксама не патлумачана, куды падзенуцца астатнія 110 тысяч кубаметраў.

Ніна Палуцкая: “Вельмі непакоіць тое, што для гэтай станцыі будзе забірацца аграмадная колькасць вады непасрэдна з Віліі. Гэта вельмі небяспечна для такой ракі, як Вілія. 220 тысяч кубаметраў штодня, якія будуць адпампоўвацца з яе, а вяртацца будзе значна менш — вось гэта сапраўды вельмі моцна непакоіць. Гэта для існавання праходных рыбаў ды й для рыбаў увогуле — вялізная пагроза. Таму што паніжэнне ўзроўню прывядзе да цяжкасцяў заходаў на нераст у нераставыя прытокі Віліі. І яшчэ не зусім зразумела, якая вада будзе вяртацца ў Вілію. То бок які будзе тэмпературны рэжым, якая будзе колькасць інгрэдыентаў у гэтай вадзе — гэта не надта зразумела з Ацэнкі ўздзеяння, якую мы зараз маем і можам чытаць у Інтэрнэце”.

Ніна Палуцкая падкрэслівае, што ў папярэднім варыянце СУНА пра ўплыў на жывёлаў і, у прыватнасці, на рыбаў увогуле не ўзгадваецца. Пры складанні дакумента былі праігнараваныя вынікі даследаванняў Навукова-практычнага цэнтру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Пры гэтым у сваёй справаздачы, выкладзенай больш чым на 200 старонках, навукоўцы рэзюмавалі адмоўны ўплыў АЭС на жывёльны свет і нават падлічылі памеры шкоды.

Аднак, у адрозненне ад эколагаў, атамшчыкі не бачаць ва ўмяшальніцтве ў жыццё Вілейскага басейну нічога дрэннага. Як паведаміў Еўрарадыё галоўны інжынер праекту беларускай АЭС Анатоль Стралкоў, вада будзе вяртацца ў раку ў гэткім выглядзе, у якім і забіралася на патрэбы станцыі. А недахоп у 110 тысяч кубаметраў вады штодня аніяк не адаб’ецца на агульным узроўні Віліі.

Анатоль Стралкоў: “Хто робіць нашую тэхнічную частку, субпадрадчыкі, паказалі, што нічога, аніякіх парушэнняў не будзе. Там узровень на 0,3 сантыметра панізіцца ўвогуле. Расход самой ракі настолькі велізарны, што нашыя водазаборы для іх — дробязь. Мы не павялічваем ані ўтрыманне солі, ані хімічна — мы папросту канцэнтруем іх. Гэта азначае, у нас будуць рассейвальныя выпускі, ачышчальныя збудаванні, дзе ў нас будзе тое, што мы скідваем. Не будзе павялічвацца тэмпература вады”.

Еўрарадыё нагадвае, што ў папярэднім варыянце СУНА аўтары АЭС гаварылі пра паніжэнне ўзроўню вады не на 3 міліметры, а на 7-11 сантыметраў. Куды падзелася паніжэнне ўзроўню вады ў Віліі на дзясятак сантыметраў, магчыма, падкажа канчатковы варыянт Справаздачы па беларускай АЭС. Публікацыя дакумента была запланаваная на пачатак снежня, аднак дагэтуль затрымліваецца. Распрацоўшчыкі атамнага праекту тлумачаць затрымку выключна патрэбай перакладу дакументаў на ангельскую мову. Анатоль Стралкоў запэўнівае, што канчатковы рускамоўны варыянт СУНА падрыхтаваны і нават прайшоў экспертызу ў Расіі.

Анатоль Стралкоў: “Перакладаецца ўсё. Усё падрыхтаванае. Ну, вось толькі на ангельскую мову трэба і г.д.  Вось дала заключэнне Расія, што ўсё выканана цудоўна і аніякіх заўвагаў няма. Мінпрыроды даслала ім нібыта экспертызу — ну, яны зрабілі экспертызу і сказалі: усё, слушна ўсё зроблена! Да канца году, можа быць, з’явіцца”.

Пры гэтым, як цвердзіць спецыяліст, заўвагі ад іншых краін-суседак нейкага сур’ёзнага ўплыву на змест канчатковага варыянту СУНА не аказалі. Галоўную ролю адыгрывала меркаванне менавіта фундатара будучай АЭС.

Анатоль Стралкоў: “Не паказана на Літву, на Латвію. Мы даем 30-кіламетровую зону і кажам: увогуле ў 30-кіламетровай зоне! Нічога на Латвію ўвогуле няма! Вось пакажы ім на Латвію — ну няма! І нам расіяне напісалі, што няма ўплыву на суседнія краіны”.



Фота аўтара


З-за АЭС Вілія будзе штодня губляць 110 тысяч кубаметраў вады - 0 (mp3, 2MB)


 
 

Даслаць каментар









captcha image

Пакуль няма каментароў.

 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>