Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі, Арменіі, Грузіі, Украіны, Малдовы і Азербайджана абмяркуюць пытанні супрацоўніцтва ў рамках Усходняга Партнёрства
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі, Арменіі, Грузіі, Украіны, Малдовы і Азербайджана сустрэліся 16 лістапада ў Бруселі, каб абмеркаваць супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы Ўсходняе Партнёрства. Сярод 220 ўдзельнікаў Форума беларускі трэці сектар складае прыкладна восьмую частку. Сярод 76 ахвотных беларускіх арганізацый для ўдзела адабралі 27. Дарэчы, гэта другая па колькасці дэлегацыя пасля ўкраінскай. З боку Еўрасаюза ў мерапрыемстве бяруць удзел кіраўнік МЗС Швецыі, якая старшыньствуе ў ЕС, Карл Більдт, еўракамісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднер і старшыня Сацыяльна-эканамічнага камітэта ЕС Марыё Сэпі.
Якіх вынікаў чакаюць ад Форума беларускія ўдзельнікі, мы даведаліся непасрэдна перад яго адкрыццём. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна лічыць гэтую падзею вызначальнай для будучыні нашай краіны. Калі ўдзельнікі здолеюць дамовіцца паміж сабой, гэта будзе чарговы крок Беларусі ў бок Еўропы. Паводле слоў Жаны Літвіной, першыя намаганні для гэтага ўжо зробленыя:
Жана Літвіна: “Учора ўвечары адбылася вельмі важныя падзея. Пасля прыезду нашай дэлегацыі нам удалося сабрацца разам, і нас было 20-21 асобаў. Усяго ж ад Беларусі 27 дэлегатаў на гэтым Форуме. Учора мы знайшлі паразуменне, выпрацавалі нашую пазіцыю па вельмі прынцыповых пытаннях. Лічу, што гэта ўжо добры знак”.Магчымыя непаразуменні не пужаюць і рэдактара мультымедыя-часопісу "34" Ірыну Віданаву. Галоўнае, каб удзельнікі мелі канкрэтныя прапановы.
Ірына Віданава падзялілася з намі тым, што будзе ў першую чаргу прапаноўваць наша краіна.
Ірына Віданава: “Перад разыходжаннем на працоўныя групы мы б хацелі стварыць яшчэ адну платформу — пятую. Былі жарты наконт пятай калоны, але гэта менавіта тое, чаго мы не бачым у праграме, то бок гэта дыскусія па выпрацоўцы той структуры, якая будзе працаваць паміж форумамі грамадзянскай супольнасці”.Знайсці кампраміс спадзяецца прадзяржаўная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Яе старшыня
Леанід Козік паведаміў Еўрарадыё, што ён адкрыты да супрацоўніцтва.
Леанід Козік: “Вядома, добрыя чаканні — мы спадзяемся, што Форум пройдзе паспяхова. Нарэшце створыцца нейкая арганізацыя, каб можна было сустракацца, абмяркоўваць розныя пытанні, бо раней усё было разрознена. І я вітаю, што менавіта Ўсходняе Партнёрства зрабіла першы крок”.А вось старшыня Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў
Віталь Сіліцкі ставіцца да Форума грамадзянскай супольнасці даволі насцярожана. На яго думку, пакуль невядома, ці будзе Форум мець рэальныя вынікі.
Віталь Сіліцкі:
“Трэба разабрацца, навошта мы сюды прыехалі і што будзем рабіць. Бо калі шчыра, ніхто яшчэ не ведае, што тут будзе адбывацца. Ну вось праграма максімум для мяне — атрымаць адказ на гэтае пытанне: ці гэта Форум, які мае нейкі практычны ўплыў, ці гэта лягушатнік, каб проста целяпацца паміж сабой і пакрычаць адно аднаму пра свае праблемы”.
Нагадаем, 16 лістапада ўдзельнікі Форума пачнуць працу ў наступных групах: Дэмакратыя, добрае кіраванне і стабільнасць; Эканамічная інтэграцыя і набліжэнне з палітыкай ЕС; Наваколле, змена клімату і энергетычная бяспека; Кантакты паміж людзьмі.
Развіццё падзей, свежыя каментары ўдзельнікаў і фотаздымкі вы знойдзеце ў эфіры і на нашым сайце.Чытайце таксама:
У Бруселі дэлегацыя Беларусі будзе напалову аб'яднаная, але раз'яднанаяФота:
www.beppegrillo.it