Image 26475

Даклад недзяржаўных экспертаў Пяткевіч прачытала раней за ААН

Распрацоўшчыкаў дакладу па правах чалавека ў Беларусі для ААН з боку грамадскай супольнасці сёння выклікалі для размовы да першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч

Нагадаем, даклад па правах чалавека для ААН рыхтуецца адначасова і з боку дзяржавы, і з боку грамадзянскай супольнасці. За дзяржаву “адпісваецца” Міністэрства замежных спраў. Грамадзянскую супольнасць Беларусі прадстаўляў цэлы шэраг недзяржаўных арганізацый. Але галоўную частку працы ўзялі на сябе Беларускі Хельсінскі камітэт і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Як паведаміў Еўрарадыё старшыня БХК Алег Гулак, іх даклад яшчэ не канчаткова падрыхтаваны і не адасланы ў ААН. А вось у Адміністрацыі прэзідэнта яго ўжо, відаць, чыталі. Праўда, кажа ён, прапанову з боку Пяткевіч сустрэцца і абмеркаваць бачанне прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, яны ўспрынялі спакойна.

Алег Гулак: “Мы бачым шмат крытычных сітуацый і шмат праблем, якія адлюстроўваем у нашай справаздачы, але наша мэта не ў тым, каб проста крытыкаваць краіну, а ў тым, каб сітуацыя развівалася і паляпшалася. Мы лічым, што карысна абмяркоўваць наша бачанне праблем, іх бачанне сітуацыі. І паспрабаваць знайсці нейкае паразуменне там, дзе гэта магчыма. І каб нейкія праблемы можна было вырашаць. Тады мы з задавальненнем будзем гаварыць, што праблемы вырашаюцца”.

Нягледзячы на тое, што незалежныя праваабаронцы і юрысты ішлі ў Адміністрацыю пагаварыць і паспрабаваць вырашыць некаторыя надзённыя пытанні, размова, кажа намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, атрымалася амаль аднабаковая.

Андрэй Бастунец: “Па вялікім рахунку, яна (Пяткевіч — Еўрарадыё) больш слухала, чым адказвала на пытанні. Хаця і былі моманты дыскусіі. Але ў асноўным — гэта быў расповед нашай пазіцыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі цягам апошняга часу”.

Напрыклад, прадстаўнік БАЖ так і не атрымаў адказу на спробу высветліць, чаму апошнім часам журналістам перашкаджаюць працаваць.

Андрэй Бастунец: “Я звярнуў на гэта ўвагу — на тое, што апошнім часам адбываецца такі адкат назад і што тычыцца рэгістрацыі, і што тычыцца працы журналістаў падчас масавых акцый. Я выказаў сваё стаўленне да таго, што адбываецца. Гэта інфармацыя… была пачутая, прынята да ведама, але што тычыцца перашкодаў журналісцкай працы, ніякага адказу не было. Ды і цяжка ўявіць, якім там мог быць адказ”.

Па словах Алега Гулака, Пяткевіч не патрабавала ад прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый нешта выкінуць альбо змягчыць у сваім дакладзе ААН. Вось толькі і адказу на тое, ці атрымаецца супрацоўніцтва, на якое так спадзяюцца прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, з гэтай сустрэчы, па яго словах, няма.

Алег Гулак: “Мы агучылі праблемы, абмеркавалі падыходы. Мы выказалі свае, а пачулі ў адказ думкі прадстаўніка дзяржавы. Па некаторых пытаннях ёсць разуменне, што трэба супрацоўнічаць шчыльней і распрацоўваць нейкія тэмы. Паглядзім, ці выльецца гэта ў нейкія больш рабочыя планы. Пакуль цяжка сказаць”.

У адным жа недзяржаўныя эксперты ўпэўненыя на сто адсоткаў — іх даклад ААН па праблемах правоў чалавека будзе значна адрознівацца ад даклада, падрыхтаванага МЗС Беларусі.


Фота — naviny.by


 
 

Даслаць каментар









captcha image

Пакуль няма каментароў.

 
ЖЫВЫ ЭФІР:

Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.Listen to the live stream of ERB by choosing your player of choice.

Слухайце жывы эфір на плэеры, які вам пасуе


Даведка >>