Будучыя кандыдаты сабралі неабходную тысячу подпісаў і баяцца здаваць

Будучыя кандыдаты сабралі неабходную тысячу подпісаў і баяцца здаваць

Для рэгістрацыі кандыдата у дэпутаты дастаткова сабраць тысячу подпісаў. Для ініцыятыўнай групы нават мінімальнага складу ў дзесяць чалавек, справа не складаная. Усе больш-менш знакавыя людзі гэтую тысячу ўжо сабралі. І не здаюць падпісныя лісты ў выбарчыя камісіі.

У намесніка старшыні Руху “За свабоду” Юрася Губарэвіча неабходная тысяча была сабраная яшчэ тыдзень таму. Але ў выбарчую камісію палітык панясе лісты ў самы апошні дзень, 1 жніўня.

“З боку камісіі былі заклікі прыносіць раней, маўляў, ім вельмі хочацца папрацаваць з нашымі подпісамі. Я па досведзе папярэдніх кампаній ведаю, у чым заключаецца такая праца. Размова ідзе не столькі пра знаходжанне нейкіх памылак, якія заўжды магчымыя. На людзей, якія падпісаліся, можа аказвацца ціск. А пасля гэтыя людзі пад прымусам заяўляюць, што яны адклікаюць свае подпісы, альбо кажуць, што не самі гэтыя подпісы ставілі”, — кажа Губарэвіч.

Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч сабраў, па яго словах, больш за чатыры тысячы подпісаў. Але здаваць іх у камісію… не будзе! Кажа, калі мае права вылучацца па партыйных спісах, так і зробіць. Сабраныя подпісы пакіне сабе на памяць і не будзе нагружаць працай членаў камісіі.

“Для спрашчэння рэгістрацыі і каб не дадаваць лішняй працы акруговай камісіі, я здаю дакументы па партыйным вылучэнні. Таму ім толькі праверыць дэкларацыю і правільнасць запаўнення дакументаў. Так прасцей. Чаму я не павінен выкарыстоўваць зарэгістраваную палітычную партыію і магчымасць партыйнага вылучэння?”

Тым не менш, абыходзіць кватэры і ставіць пікеты будзе да апошняга моманту кампаніі.

Сабралі свае тысячы кіраўнікі кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч. Палітыкі зацягваюць з падачай дакументаў на рэгістрацыю з-за недахопу часу.

“Звязана гэта з такімі бюракратычнымі рэчамі… Там трэба дэкларацыі аб прыбытках, усе гэтыя дакументы запаўняць, а цяпер на гэта проста няма часу”.

Іншы падыход у сталага ўдзельніка практычна ўсіх прэзідэнцкіх і парламенцкіх кампаній эканаміста Віктара Цярэшчанкі.

“За пяць дзён сабраў паўтары тысячы з верхам і цяпер вельмі пасіўна збіраем… Праводзім пікеты, працуем у сваім раёне. Самае галоўнае, зарэгіструюць ці не. І вось пытанні дэкларацый… Я іх пяць разоў перарабляю ўжо. І так, і гэтак, і пяць аркушаў дадаткаў ужо! Бо ў дэкларацыі заўжды можна прыдрацца да чаго-небудзь. Вось, у мяне у 1991 годзе скралі машыну, а яна да гэтага часу лічыцца на мне. І як яе ўказаць у дэкларацыі? Скрадзеная? Значыцца, трэба ліст з міліцыі. Я зрабіў запыт туды… Цэлая гісторыя!” — скардзіцца Цярэшчанка.

Песімізм у эканаміста Цярэшчанкі выклікае той факт, што па яго акрузе балатуецца вядомая спявачка Ірына Дарафеева. Прапіхваюць яе, сумна кажа Цярэшанка, ды яшчэ і людзі не хочуць слухаць яго палымяныя прамовы пра пошукі шляхоў выхаду з эканамічнага тупіку.

“Я як эканаміст прапаную, што трэба зрабіць — нікому не трэба нічога!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі