Брэстаўчанін прывёз у Беларусь небяспечны наркотык 4-СМС (фота)

Брэстаўчанін прывёз у Беларусь небяспечны наркотык 4-СМС (фота)

Супрацоўнікі Брэсцкай мытні выкрылі ўвоз небяспечных наркотыкаў на тэрыторыю нашай краіны.

Як паведамляе сайт мытні, пад падазрэнне трапіў 28-гадовы мужчына. У поле зроку праваахоўнікаў ён трапіў яшчэ ў 2014 годзе. Але тады ўсталяваць яго датычнасць да супрацьпраўных дзеянняў не змаглі: мужчыну затрымалі ў Расіі, дзе і асудзілі за захоўванне агнястрэльнай зброі. Пасля адбыцця пакарання ў снежні 2016 года ён вярнуўся ў Брэст.

Брэсцкія мытнікі атрымалі звесткі, што малады чалавек прывёз у Беларусь і плануе збыць новы від асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва — 4-СМС. Мытнікі разам з міліцыянтамі правялі аператыўнае мерапрыемства, падчас якога пацвердзіўся факт пастаўкі наркотыкаў.

Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці пачало  на мужчыну крымінальную справу за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў.

У рамках крымінальнай справы адбыўся шэраг ператрусаў. Выявілася, што дома ў аднаго са сваякоў брэстаўчанін трымаў 10 поліэтыленавых пакетаў псіхатропнага рэчыва 4-СМС агульнай вагой каля 450 грамаў.

Праваахоўнікі таксама забралі грошы і наклалі арышт на аўтамабіль. Паведамляецца, што мужчына нідзе не працаваў і асноўнай крыніцай яго даходаў была супрацьпраўная дзейнасць.

Мужчына адмовіўся ад дачы тлумачэнняў. Праваахоўнікі ўзялі яго пад варту. Яму пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі і магчымая канфіскацыя маёмасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі