Брэсцкія прадпрымальнікі працягваюць змагацца за дазвол на мітынг

Брэсцкія прадпрымальнікі працягваюць змагацца за дазвол на мітынг

У Брэсце штотыдзень адбываюцца сходы мясцовых прадпрымальнікаў. Праходзяць яны на рынку ля мясцовага ЦУМа, які ад пачатку года амаль цалкам пустуе. На сустрэчах іпэшнікі каардынуюць свае дзеянні па вырашэнні праблемы з увядзеннем сертыфікатаў на прадукцыю.

На пачатку лютага на адным з такіх сходаў прадпрымальнікі прынялі рашэнне правесці ў горадзе мітынг. На ім яны збіраліся выступіць за адмену 222-га і 48-га ўказаў кіраўніка дзяржавы. Такім чынам яны хочуць прыцягнуць увагу брастаўчан да праблем дробнага бізнесу.

Нагадаем, што рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва" хацела зладзіць аналагічнае мерапрыемства ў сталіцы. Правесці яго меркавалася 15 лютага ў парку Дружбы народаў.

Аднак пазней лідар “Перспектывы” Анатоль Шумчанка заявіў, што адклікае сваю заяўку на мітынг. Асноўны матыў такога рашэння — гэта дасягненне першачарговай мэты: пачатак дыялогу паміж ІП і урадам. 12 лютага на чарговай сустрэчы ІП ў Брэсце прагучала прапанова таксама адмовіцца ад вулічнай акцыі. Агучыў яе прадпрымальнік Сяргей Панамароў, адзін з заяўнікаў мітынгу ў Брэсце.

Панамароў: "Мы з працоўнай групай сабраліся і вырашылі, што пакуль група працуе, мы хочам адклікаць сваю заяўку на мітынг. Мы мірныя людзі, беларусы. Мы хочам працаваць па законе. Мы не хочам, як ва Украіне, Сірыі, уносіць у наша грамадства нейкі разлад. Мы павінны дагрукацца да ўладаў мірнымі шляхамі".

Аднак падтрымкі гэтая прапанова не атрымала. Людзі скептычна аднесліся да пазіцыі Шумчанкі пра тое, што дыялог з уладамі можа прынесці хоць нейкія змены. Большасць прагаласавала за тое, каб заяўку на правядзенне мітынгу не адклікаць. Брэсцкая акцыя планавалася на 19 лютага.
Аднак на гэтым тыдні стала вядома, што мітынг не адбудзецца. Прадпрымальнікі не атрымалі дазвол ад гарадскіх уладаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прадпрымальнік Андрэй Карняйчук, адзін з лідараў брэсцкіх ІП.

Карняйчук: "Нам забароненае правядзенне мітынгу ў сувязі з тым, што на момант падачы заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства не былі прадастаўленыя дамовы з хуткай медыцынскай дапамогай і з камунальнікамі. На пытанне, чаму ж на месцы мне далі іх аформіць, падпісаць бланкі, мне ў аддзеле ідэалогіі Брэсцкага гарвыканкама нічога не адказалі".

Але, нягледзячы на забарону, адмаўляцца ад ідэі правесці вулічную акцыю іпэшнікі не збіраюцца. 17 лютага брэсцкія прадпрымальнікі прынялі калегіяльнае рашэнне працягваць спробы правесці мітынг. Цяпер брэсцкія ІП плануюць зладзіць акцыю 4 сакавіка. Адпаведныя дакументы яны рыхтуюць у гарвыканкам. Пры падачы заяўкі яны будуць улічваць недахопы, з-за якіх папярэднюю заяўку адхілілі.
Па словах Андрэя Карнейчука, іпэшнікі таксама хочуць бліжэйшым часам дамагчыся сустрэчы з дэпутатамі гарсавета. Яны хочуць атрымаць ад дэпутатаў справаздачу наконт таго, што тыя зрабілі для развіцця дробнага бізнесу ў Брэсце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі