Пяць крыніц паказалі на месца, з якога па “Боінгу” страляў “Бук”

Ужо амаль тыдзень цягнецца чарада ўзаемных абвінавачванняў у збіцці малайзійскага авіялайнера з боку Расіі і Украіны. Вечарам у панядзелак, 21 ліпеня, Мінабароны РФ ладзіць брыфінг, на якім расказвае пра нібыта зафіксаваны расійскімі радарамі ўкраінскі самалёт, што “паляваў” на збіты 17 ліпеня “Боінг”.

“Акрамя гэтага, расійскімі сродкамі радыёлакацыйнага кантролю быў зафіксаваны набор вышыні ў кірунку малайзійскага “Боінга” самалётам украінскіх ваенна-паветраных сіл Украіны. Меркавана гэта быў Су-25. Гэты самалёт знаходзіўся ад “Боінга” на адлегласці ад 3 да 5 кіламетраў”, — гаворыць начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба РФ, генерал-лейтэнант Андрэй Картаполаў.

І адразу літаральна “ўзрывае” інтэрнэт. Рэч у тым, што стары савецкі штурмавік Су-25, вядомы таксама як “Грач”, на вышыні палёту “Боінга” ў 10500 метраў лётаць не здольны ў прынцыпе. Яго столь — не вышэй за 7000 метраў. І напісана аб гэтым не толькі на сайце вытворцы, але нават у “Вікіпедыі”. Не кажучы ўжо аб тым, што штурмавікі прызначаныя для знішчэння наземных цэляў, а ніяк не паветраных.

Амаль адначасова з выказваннямі расійскіх вайскоўцаў з’яўляюцца вынікі яшчэ аднаго расследавання, заснаванага на пяці розных і не звязаных адна з адной крыніцах. Яго аўтар — вядомы рускамоўны блогер, праграміст з Ізраіля Анатоль Варабей. На сваёй старонцы ў ЖЖ Анатоль падрабязна прааналізаваў схему перамяшчэнняў устаноўкі “Бук”, заўважанай і сфатаграфаванай відавочцамі ў дзень трагедыі непадалёк ад месца падзення малайзійскага “Боінга”. Як аказалася, у сацсетках нават можна знайсці фота з меркаваным дымавым следам ад выпушчанай па авіялайнеры ракетай “Бука”. Прычым фота адносна лёгка прывязаць да мясцовасці.

Дымавы след ад ракеты "Бука", фота апублікаванае праз некалькі гадзін пасля катастрофы, яшчэ да афіцыйных каментароў СБУ і публікацыі меркаванага запісу перамоваў баевікоў.

Блогер таксама суадносіць паказанні розных сведак, якія бачылі пуск ракеты, размяшчае ўсё на мапе і ў выніку атрымлівае карціну, згодна з якой стральба з “Бука” вялася ў ваколіцах пасёлка Першамайскі. У дадатак Анатоль прыводзіць запіс перамоваў сепаратыстаў, якія актыўна абмяркоўваюць дастаўку “сам знаешь чего” ў Першамайскі за некалькі гадзін да падзення малайзійскага “Боінга”.

Праекцыя перамяшчэнняў устаноўкі "Бук" 17 ліпеня на тэрыторыі, падкантрольнай сепаратыстам.

Праекцыя паказанняў сведак на мапу.

Меркаваныя сляды ад перамяшчэння "Бука", апублікаваныя сэрвісам Google праз некалькі дзён пасля трагедыі.

Блогер Анатоль Варабей нават знаходзіць у інтэрнэце спадарожнікавыя здымкі, на якіх, як ён мяркуе, бачныя сляды перамяшчэнняў устаноўкі “Бук” па полі. У каментары Еўрарадыё блогер пацвярджае, што прапанаваная ім версія заснаваная на рэальных доказах, і гэта лёгка праверыць.

Магчыма, існуюць нават здымкі, на якіх бачны сам “Бук” і момант, у які ён запускае ракету? Анатоль мяркуе, што такіх здымкаў у вольным доступе не знойдзеш.

“Такіх здымкаў, я думаю, у вольным доступе няма. Іначай усё было б адразу зразумела ўсім. А вось тыя здымкі, якія я выклаў, яны ёсць. Узятыя са стандартнага набору спадарожнікавых здымкаў, якія некалькі дзён таму былі дададзеныя на сэрвіс Google Earth. Іх знайшоў не толькі я, у блогу ёсць спасылкі”, — кажа Анатоль.

І дадае, што здымкі з “Букам” прарасійскіх тэрарыстаў, зробленыя ледзьве не ў момант трагедыі малайзійскага “Боінга”, усё ж могуць існаваць. У амерыканскіх спецслужбаў, напрыклад. Тэхнічныя магчымасці спадарожнікаў-шпіёнаў дазваляюць іх зрабіць. Пытанне толькі ў тым, як і для чаго амерыканцы могуць гэтыя доказы выкарыстаць. Па ўсім відаць, што пераконваць свет у датычнасці баевікоў і Расіі да катастрофы грамадзянскага самалёта пад Данецкам ужо не трэба.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі