Білборд на выездзе з Мінска абышоўся Таццяне Караткевіч у 400 долараў

Білборд на выездзе з Мінска абышоўся Таццяне Караткевіч у 400 долараў

Білборд з выявай лідара кампаніі “Гавары праўду” Таццянай Караткевіч і заклікам галасаваць за яе 11 верасня стаіць на выездзе з Мінска, на Слуцкай шашы — у межах яе выбарчай акругі. Калі не памыляюся, то гэта першы білборд з перадвыбарчай агітацый, прынамсі ў Мінску. “Проста, Таццяна палічыла магчымым такім чынам патраіць грошы са свайго выбарчага фонду”, — тлумачыць прадстаўнік “Гавары праўду” Сяргей Вазняк. Да ўсяго, маўляў, і месца добрае — такая буйная траса, як МКАД.

Абышлася гэтая палітычная рэклама Караткевіч у 800 “новых” рублёў. Без аніякага ўзгаднення з мясцовымі ідэолагамі, запэўнівае актывіст “Гавары праўду”.

“Але ўжо пасля таго, як білборд з’явіўся, у акруговую камісію была запрошаная давераная асоба Караткевіч і камісія спрабавала расказваць казкі пра тое, што гэта спачатку трэба было ўзгадняць з камісіяй”, — распавядае пра нюансы Вазняк.

Таццяна Караткевіч патэлефанавала ў юрыдычны аддзел Цэнтрвыбаркама, дзе атрымала тлумачэнні: ніякіх узгадненняў на самой справе не трэба.

Раней дзяржынская рэкламная газета адмовілася рэкламаваць за грошы іншага кандыдата ў дэпутаты ад “Гавары праўду”, Андрэя Дзмітрыева, аднак у агенцтве, якое рэкламуе Караткевіч, кажуць, што ў іх няма ніякіх сумневаў, бо ўсё законна. Зрабілі б, кажуць, і іншым кандыдатам такую рэкламу, але ніхто не звяртаецца. Цікаўлюся ў кандыдатаў, чаму.

Дэпутат пакуль яшчэ дзеючага складу парламента і кандыдат у склад наступны Валерый Барадзеня лічыць білборды “стрэлам з пушкі па вараб’ях”. Барадзеня ўпэўнены: больш эфектыўны сродак агітацыі — сустрэчы з выбаршчыкамі ў іх дома. На думку палітыка, на выбары ходзяць у асноўным пенсіянеры, а яны "не ездзяць на аўтамабілях па магістральных дарогах і тым больш не звяртаюць увагі на білборды”.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама змагаецца за дэпутацкі мандат. І грошы, па яго словах, у выбарчым фондзе мае. Але пакуль размяшчаць сябе на білбордах не збіраецца — грошы патрэбныя найперш на ўлёткі ды іншыя друкаваныя матэрыялы.

У фондзе намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча грошы таксама ёсць. Ён абяцае пераплюнуць Караткевіч у білбордах:

“Іх сярэдні кошт сапраўды каля васьмі мільёнаў. І я хачу не адзін сабе, а як мінімум чатыры”.

Гайдукевіч-малодшы кажа, што макеты ўжо ўзгаднілі і, хутчэй за ўсё, у панядзелак білборды з яго партрэтам будуць радаваць выбаршчыкаў. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі