Беларусы з “Правага сектара”: Пасля вайны плануем вярнуцца ў Беларусь

Гэта інтэрв’ю з беларусамі з баявога атрада “Правага сектара”, якія ваююць ва Украіне, рабілася з дапамогай перапіскі праз сацыяльныя сеткі. Размаўляць пад запіс, нягледзячы на абяцанне ананімнасці і запэўнівання, што гук не пойдзе ў эфір, хлопцы, разумеючы пра крымінальную адказнасць за свой удзел у баявых дзеяннях, адказалі: “Выбачаемся, але мы на гэта пайсці не можам”. Перапіска цягнулася амаль двое сутак.

Еўрарадыё: Як даўно вы ва Украіне, ехалі арганізавана ці з'арганізаваліся ўжо на месцы? Што прымусіла паехаць?

Ва Украіну прыехаў кожны сам па сабе, у кожнага быў свой шлях. Некаторыя хлопцы ўдзельнічалі ў падзеях на Майдане, некаторыя падʼехалі пазней. Пазнаёміліся ўжо на вайне. На дадзены момант беларусы ваююць у розных украінскіх падраздзяленнях. Канкрэтна мы ваюем у ДУК ПС (Дабравольны ўкраінскі корпус “Правы сектар” — Еўрарадыё). Хлопцы ехалі, каб дапамагчы ўкраінцам у барацьбе супраць расійскай агрэсіі.

Еўрарадыё: Ці мелі армейскі, а можа і баявы вопыт? Ці было навучанне перад ад’ездам у зону баявых дзеянняў?

Беларускае войска няздатнае даць тых ведаў, якія патрэбныя на вайне. З большага, атрымалі вопыт на навучанні ва Украіне і непасрэдна на вайне.

Еўрарадыё: Нехта з тых, хто прыехаў ад пачатку, можа не вытрымаў і з'ехаў?

На папярэдніх трэніроўках людзі самі разлічвалі на свае сілы і вызначаліся, варта ехаць ці не. Некаторыя зʼязджалі дадому па сямейных абставінах.

Еўрарадыё: Ці ведаеце, што вярнуцца на Радзіму хутчэй за ўсё наўрад ці бліжэйшым часам атрымаецца?

Мы ўсведамляем, што час нашага вяртання на Радзіму наўпрост завязаны з падзеямі ва Украіне. Перамога над “рускім мірам” — пытанне часу і ахвяр, але гэта непазбежна. Калі абрынецца крамлёўская імперыя, дыктатура ў Беларусі рухне.

Еўрарадыё: Узгадайце першы бой — эмоцыі, уражанні, перажыванні?

Баі на Данбасе — гэта не тое, што людзі бачылі ў кіно. Збольшага, тут адбываюцца артылерыйскія дуэлі. Пакуль няма зялёнкі, пяхота стацыянарна сядзіць на сваіх пазіцыях, і стралковыя баі адбываюцца рэдка, і як правіла, на вялікіх адлегласцях. Мала прыемнага ў тым, калі сядзіш пад абстрэлам артылерыі і чакаеш, куды прыляціць.

Еўрарадыё: Ці ведаеце, як да вас і вашага ўдзелу ў баявых дзеяннях на Данбасе ставяцца ў Беларусі простыя людзі?

Простыя людзі — гэта беларуская вата, якая глядзіць “кісель ТБ” і серыялы пра мянтоў? Мы не праводзілі соцапытанняў, але разумеем, яны будуць ставіцца да нас так, як ім загадае зомбіскрыня.

Еўрарадыё: Ці даводзілася сустракацца з беларусамі па той бок, якія ваююць за сепаратыстаў?

Да нас даходзіць інфармацыя, што беларусы ёсць на тым баку. Нядаўна ў раёне ДАП (Данецкі аэрапорт – Еўрарадыё) узялі трафей — беларускую міліцэйскую куртку. Яна была запакаваная ў заплечнік, а ўладальнік ужо не змог адказаць на пытанні.

Еўрарадыё: Але ж не цэлы час вы сядзіце ў акопах, пакуль артылерыйскія дуэлі ідуць. Асабісты вы ў баявых дзеяннях бралі ўдзел?

Нашым хлопцам даводзілася прымаць удзел у лакальных аперацыях у ваколіцах Данецка. Часам гэта былі разведвальныя рэйды, зачысткі.

Еўрарадыё: Прыгадайце выпадак, калі было па-сапраўднаму страшна?

На вайне заўсёды прысутнічае кантраляваны ўзровень страху, гэта дапамагае выжыць. Кепска, калі чалавек занадта баіцца, ці калі губляе пачуццё страху. Нельга прызвычаіцца да абстрэлу буйнымі калібрамі ці да танку на прамой наводцы. Калі пачынаецца стралковы бой, а побач твае пабрацімы — страх адыходзіць.

Еўрарадыё: А можа гісторыя, калі дзейнічалі так, як самі ад сябе не чакалі?

На вайне бываюць розныя курʼёзы. Аднойчы прыйшлося абяззброіць пʼянага вайскоўца ВСУ (Узброеныя сілы Украіны — Еўрарадыё), які пагражаў гранатай у кавярні у мястэчку Селідава. Ён пагражаў персаналу, каб тыя бясплатна неслі гарэлку. Мы акурат вярталіся з разведкі, былі ў цывільным, але афіцыянтка, мабыць, зразумела, што мы маем дачыненне да арміі. Яна падышла да нас з просьбай аб дапамозе. Калі мы, у складзе 5 чалавек, падышлі да тога вайскоўца і паказалі, што ў нас маюцца такія ж гранаты, але мы не прэтэндуем на бясплатную выпіўку, ён разгубіўся і актывізаваў сваю гранату. У лічаны момант наш хлопец схапіў яго за рукі, такім чынам, каб не спрацаваў запал. Другі выбіў крэсла з-пад яго і паваліў на падлогу. Гэта адбылося літаральна за паўсекунды. Гісторыя, дзякуй Богу, скончылася добра. Мы адабралі ў яго гранату, далі па рэбрах і адвезлі на бліжэйшы блокпост.

Еўрарадыё: Што ратуе на вайне: сяброўства, вера, думка аб каханай дзяўчыне?

У першую чаргу, на вайне ратуе веданне тактыкі і верныя пабрацімы побач. Але і думкі пра сваё таксама грэюць душу.

Еўрарадыё: Ужо цяпер украінскія валанцёры кажуць, што вайскоўцам будзе патрэбна псіхалагічная дапамога…

Пасля перамогі лепшай рэабілітацыяй будзе адпачынак на беразе цёплага мора далёкай краіны)).

Еўрарадыё: Асабіста вы цяпер моцна адрозніваецеся ад таго чалавека, які толькі ехаў ва Украіну?

Якім я быў, такім і застаўся. Псіхааналіз планую зрабіць у роднай Беларусі, калі скончым ва Украіне.

Еўрарадыё: Вы пішаце на сваёй старонцы, што вам патрэбная дапамога — матэрыяльная і тэхнічная. Няўжо ўкраінскі бок (хай не ўлада, але валанцёры) не здольныя забяспечыць усім неабходным тых, хто іх абараняе?

Уся асноўная дапамога ідзе ад валанцёраў, але ёсць выдаткі, якія яны пакрыць не могуць, кшталту заезду і выезду ў зону АТА, выдаткі на рамонт аўтамабіля, розныя бытавыя патрэбы і г.д. Але ёсць патрэбы ў больш сурʼёзнай экіпіроўцы, да гэтага заўсёды імкнецца кожная група. У нас ёсць іншыя артыкулы выдаткаў, якія зараз агучыць не можам.

Еўрарадыё: Ці адгукаюцца на вашы просьбы аб дапамозе беларусы?

Аб дапамозе мы заявілі нядаўна, але водгукі ад беларусаў і ўкраінцаў ужо ёсць.

Еўрарадыё: Думаеце атрымліваць украінскае грамадзянства?

Мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь і іншых варыянтаў не разглядаем.

Еўрарадыё: Ці даводзілася вам браць палонных? Хто гэта быў і як яны тлумачылі свой удзел у канфлікце?

Асабіста мы палонных не бралі, але ўдзельнічалі ў канваіраванні. Больш дадаць няма чаго.

Еўрарадыё: Як да вас ставяцца мясцовыя жыхары?

Людзі ёсць розныя, некаторыя прыносяць нам баршчы, а некаторыя раскідваюць радыёмаякі блізу нашых пазіцый.

Еўрарадыё: У вас заўсёды з сабой бел-чырвона-белы сцяг?

Сцягі з сабою ёсць, таксама зрабілі свае шаўроны.

Еўрарадыё: Ёсць магчымасць слухаць беларускія песні? Можа маеце ўлюбёны альбом беларускага рок-гурта ці выканаўцы?

Вельмі папулярны сярод украінцаў гурт "Ляпіс Трубяцкі", некаторыя з нашых умеюць граць на гітары. Часам на перадавой гучаць беларускія песні.

Фота са старонкі Згуртаваньне патрыётаў Беларусі імя Кастуся Каліноўскага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі