“Беларусы вяртаюцца з Грэцыі задаволеныя. Крызіс не закрануў турызм”

Турыстычная галіна Грэцыі цярпіць моцныя страты. Прадстаўнік турыстычнага рэгулятара краіны Андрэас Андрэадзіс кажа, што краіна губляе па 50 тысяч турыстаў за суткі. Па словах чыноўніка, калі такая тэндэнцыя захаваецца, моцна пацерпіць і рынак працы, бо турызм займае значную долю ВУП Грэцыі, перадае ВВС.

Прадстаўніца адной з мінскіх турфірм, якая спецыялізуецца на грэчаскім кірунку, адзначае, што беларусы не адмаўляюцца ад адпачынку ў Грэцыі. Людзі занепакоеныя сітуацыяй, але браніруюць туры, як і раней.

“Людзі вяртаюцца адтуль задаволеныя. Ніякім чынам на сферу турызму эканамічная сітуацыя ў краіне не ўплывае. Гатэлі ў поўнай меры забяспечваюць і харчаваннем, і анімацыяй. То бок на курортных зонах абсалютна спакойна”, — кажа прадстаўніца фірмы.

Прадстаўніца сеткі гатэляў на поўначы Грэцыі дадае, што цяпер турысты больш усхваляваныя: яны пачалі загадзя тэлефанаваць і ўдакладняць розныя пытанні. Але на дадзены момант няма нічога, што магло б занепакоіць гасцей. Кіраўніца сеткі раіць толькі браць больш наяўных, бо ёсць месцы, дзе расплаціцца карткай проста немагчыма.

Рускамоўны жыхар Афінаў Павел кажа, што цяпер недахопу прадуктаў ці паліва ў горадзе няма, бракуе толькі грошай. Бо большасць насельніцтва трымае сродкі ў банках, а здымаць з карткі можна толькі 60 еўра штодня.

“Цэны пакуль не змяніліся. Можа быць, на некаторыя тавары пачнуць змяняцца, але не адразу. Крамы ўсе ў горадзе запоўненыя пад завязку. Але стала меней пакупнікоў. Тое ж самае і на бензазаправачных станцыях. Тавар ёсць, былі б пакупнікі”.

Для турыстаў, адзначае жыхар грэчаскай сталіцы, абмежаванне ў 60 еўра не дзейнічае. Яны могуць здымаць у банкаматах столькі, колькі дазваляе іх банк. Курс еўра таксама амаль не змяніўся. Грошы можна мяняць як і раней, у тых жа аб’ёмах. Праўда, толькі не ў банках — яны не працуюць, — а ў пунктах абмену валют.

Афінянін Яніс адзначае, што праблемы маюць акурат мясцовыя жыхары. Самая цяжкая сітуацыя ў пажылых людзей. Замест звычайных пенсій яны могуць здымаць толькі 120 еўра.

“Мой дзядуля хадзіў сёння ў банк атрымліваць пенсію. Ён прастаяў у чарзе 2-3 гадзіны і атрымаў толькі 120 еўра. Пенсія майго дзядулі 550 еўра, а ён атрымаў толькі 120”, — абураецца Яніс.

Найгоршае ва ўсёй сітуацыі, на думку Яніса, што цяпер насельніцтва краіны падзеленае: на тых, хто падтрымлівае прэм'ера і на тых, хто пагаджаецца на ўмовы еўрапейскіх крэдытораў.

“Ведаеце, гэтымі днямі я не адкрываю свой фэйсбук, бо не магу вытрываць гэтага. Найлепшая парада пазбегнуць усёй гэтай панікі не адкрываць сацсеткі, выключыць тэлевізар і радыё”, — рэзюмуе жыхар Афінаў.

Нагадаем, 5 ліпеня ў Грэцыі адбудзецца рэферэндум, на якім народ краіны вырашыць, пагаджацца на ўмовы крэдытораў і такім чынам праводзіць балючыя рэформы ці не, але ў апошнім выпадку грэкаў хутчэй за ўсё чакае дэфолт і выхад з еўразоны.

Фота: Gerard McGovern/commons.wikimedia.org, athensphotoaday.wordpress.com, youtube.com, 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі