Беларусы ў Расіі: Заробак упаў у два разы, але ў Беларусь не вернемся

За апошнія месяцы ў доларавым эквіваленце згубілі ўсе, але вяртацца дамоў ніхто не збіраецца.

Грамадзянін Беларусі Дзяніс працаваў лагістам у невялікай маскоўскай гандлёва-транспартнай кампаніі, якая не здолела перажыць эканамічны крызіс.

“Кампанія вазіла тавары з Кітая і прадавала оптам у Маскве, — канкрэтызуе Дзяніс. — Калі я пачынаў працаваць? у мяне заробак быў каля 1200 долараў. Летам ён паменшыўся да 1000. А потым, у сувязі з апошнімі падзеямі, кампанія збанкрутавала і развалілася. У выніку я з кастрычніка не працую і мне нават не выплацілі апошні заробак”.

Паралельна Дзяніс вучыцца ў Маскоўскім універсітэце машынабудаўніцтва на нафтагазавай справе, таму казаць пра вяртанне на Радзіму не выпадае. Пасля сесіі хлопец плануе знайсці якую-небудзь іншую працу, бо хоча давучыцца.

Мінчанка Вольга апошнія гады таксама жыве ў Маскве і кіруе праектам у Фондзе падтрымкі дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, таксама вяртацца дамоў не плануе, хоць і задумваецца пра нейкія змены.

“На будучы год мы выйгралі тэндэр, але як з ім працаваць ў гэтых абставінах — больш пытанняў чым адказаў, — прызнаецца дзяўчына. — Раней я зарабляла недзе каля 2000 еўра ў эквіваленце і гэта нармальны заробак, каб здымаць у Маскве кватэру, нармальна жыць ды час ад часу падарожнічаць. Але пасля змены курса мой заробак амаль у два разы паменшыўся”.

Паўплываў крызіс і на ўласны бізнес Вольгі. Цяпер яна плануе з’ездзіць у падарожжа па ўсходзе Расіі (ён быў запланаваны даўно) і за гэты час вырашыць, куды рухацца далей. Праўда, у Беларусі дзяўчына пакуль сябе не бачыць, у Азію ехаць не жадае, а Заходняй Еўропе, на яе думку, яна не вельмі патрэбная… хіба толькі можна падумаць пра Польшчу ці Чэхію, разважае Вольга.

А вось супрацоўніку невялікай расійскай турыстычнай кампаніі Раману эканамічны крызіс згуляў, хутчэй, на руку.

“Мы з’яўляемся тураператарам па Расіі, таму натуральна, што за мяжу сталі ездзіць менш, а вось па Расіі больш, — распавядае Раман. — Таму, аналізуючы загружанасць расійскага турыстычнага рынку, я бачу, што тут цяпер усё забіта, усе гатэлі занятыя. Людзі на навагоднія святы вырашылі застацца дома і не ехаць за мяжу. Таму ў нас асабліва нічога не змянілася, нават стала лепш, бо за пуцёўкамі пайшлі да нас, а не да канкурэнтаў, якія адпраўляюць турыстаў у Еўропу”.

Праўда, сам Раман Новы год збіраецца адзначаць у Чэхіі. Раней планаваў заехаць яшчэ і ў Вільню, але з-за праблем з курсам рубля ды недахопам валюты ад гэтай ідэі давялося адмовіцца.

Не моцна ўдарыў крызіс і па маскоўскай будаўнічай кампаніі, дзе вялікі адсотак супрацоўнікаў складаюць беларусы.

“Натуральна, той капялюш, на якім мы сядзелі, стаў крыху ніжэйшым, — вобразна адказвае дырэктар фірмы Мікалай. — Але нашы беларусы дакладна не з’едуць дамоў. Яны застануцца, бо ў іх даволі высокі заробак. Адзінае, што можа здарыцца, гэта іх заробак прыраўняецца да беларускага, але і гэта наўрад ці. Таму гэтым пытаннем я не пераймаюся і думаю, што ўсе гэтыя праблемы праз пэўны час згладзяцца”.

Па прызнанні Мікалая, замоў менш не стала, і па ўжо заключаных дамоўленасцях працы ім хопіць надоўга.

Футбаліст “Краснадара”, клуба расійскай прэм’ер-лігі, і былы капітан беларускай зборнай Аляксандр Мартыновіч крызісу пакуль не адчуў і аналізаваць сітуацыю не бярэцца.

“Яшчэ не атрымлівалі заробак з моманту моцнай змены курса, але раней усё атрымлівалі ў час, — прызнаецца Аляксандр. — Але ў кожнага футбаліста ёсць кантракт, дзе канкрэтна прапісаны заробак. Калі ён прапісаны ў расійскіх рублях, то людзі, натуральна, губляюць, але ёсць жа і тыя, ў каго заробак прапісаны ў еўра, ім, думаю, розніцы асаблівай няма. Галоўнае, каб гэтая сітуацыя ніяк не адбілася на працы клуба”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі