“Беларусы перакладаюць толькі тых палякаў, якіх лічаць “сваімі”

Лабараторыя працуе пры Цэнтры лінгвакраіназнаўства “Студыя-Мовія” і набіраецца ўжо другі раз – першы быў два гады таму.

“Тады былі вылучаныя найлепшыя перакладчыкі з польскай на беларускую. Вынік – выданне кніжкі, -- кажа кіраўніца “Студыі-Мовія” Інэса Кур’ян. – Мы абралі для гэтага Марка Эдэльмана, які разам з Паўлай Савіцкай напісаў кнігу “У геце было і каханне” пра паўстанне ў Варшаўскім геце ў 1943 годзе”.

Два гады таму набраная група склала 10 чалавек, цяпер – сем. Але і гэтыя сем набраць было вельмі складана.

Інэса Кур’ян: Бо ў мінулы набор мы не ставілі ўмову, што пераклады павінны быць менавіта на беларускую мову. А цяпер паставілі. Прынцыповая пазіцыя: нас не цікавіць пераклад на рускую мову, мы хочам, каб беларуская мова ўмацоўвала свае пазіцыі. Але групу аказалася амаль немагчыма набраць: каб спалучалася веданне і польскай, і беларускай мовы”.

Гэтыя сямёра ўдзельнікаў падаліся арганізатарам настолькі ўнікальнымі людзьмі, што яны нават выдалі слухачам дыпломы, што тыя "ўнікумы".

Інэса Кур’ян кажа, што трошку зменіцца фармат працы: цяпер слухачам Лабараторыі будуць дапамагаць больш масцітыя перакладчыкі – атрымаецца такі сабе пераклад талакой. Цяпер аб’ектам перакладаў абраныя творы Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча. Як і той раз, у межах Лабараторыі будзе зладжаная невялікая экспедыцыя.

Інэса Кур’ян: Той раз мы даследвалі вёску Слабодка, дзе працаваў настаўнікам польскі вядомы паэт Юзаф Чаховіч. Мы паехалі і шукалі мясціны, якія згадваліся ў ягоных успамінах – раней такое, бадай, ніхто не рабіў. Цяпер мы збіраемся ў мястэчка Глыбокае, з якога родам Далэнга-Мастовіч (дакладней, вёска Акунёва пад Глыбокім). Таксама гэта мала хто даследваў”.

Інэса Кур’ян адзначае, што беларускія перакладчыкі амаль не кранаюць сучасную польскую літаратуру, а дагэтуль перакладаюць пераважна творы ХІХ стагоддзя. Абіраючы збольшага тых аўтараў, якія паходзяць з беларускіх земляў, якіх можна назваць “сваімі”.

Што дае Лабараторыя самім перакладчыкам? Гэта мы спыталіся ў Веранікі Бандаровіч і Юрася Барысевіча, якія па выніках першай Лабараторыі былі прызнаныя найлепшымі і атрымалі тытул “Лёгкае пяро”. Менавіта яны і пераклалі твор “У геце было і каханне”, які быў выдадзены па-беларуску ў кніжным варыянце.

Юрась Барысевіч кажа, што Лабараторыя падказала яму новы творчы кірунак.

Юрась Барысевіч: “Я рэгулярна перакладаю – выходзілі мае пераклады з французскай, з нямецкай. Чаму б не пашырыць свае таленты яшчэ на адну мову? Тым больш, што супольныя культурныя праекты з палякамі адбываюцца часцей, чым з французамі.”

Вераніка ж упэўненая, што пераклад кнігі пра Варшаўскае гета павінен прымусіць беларусаў успомніць, што такая сумная старонка была і ў нашай гісторыі.

Вераніка Бандаровіч: “Тое званне “Лёгкае пяро” дадало мне ўпэўненасці ў тым, што я нешта магу і на перакладчыцкай ніве, і магу няблага – бо журы было вельмі прадстаўнічае, і дзякуй ім за прызнанне… У палякаў вельмі добра падтрымліваецца культура, і памяць яны добра захоўваюць. У нас пра тое ж Мінскае гета амаль нічога не напісана. І тут адкрываецца пэўная завеса для беларусаў: і ў нас жа тое самае было, і мы можам пісаць пра гэта, успамінаць гэта!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі