Беларускія тэнісісткі выйшлі ў плэй-оф Сусветнай групы Кубка федэрацыі

Беларускія тэнісісткі выйшлі ў плэй-оф Сусветнай групы Кубка федэрацыі

Жаночая зборная Беларусі па тэнісе ў матчы першага круга II Сусветнай групы Кубка федэрацыі выйграла ў Канады з лікам 3:2, паведамляе БелаПАН. Такім чынам нашыя спартоўкі выйшлі ў плэй-оф Сусветнай групы. Спаборніцтвы адбыліся 6-7 лютага ў Квебеку.

У першы дзень турніру каманды абмяняліся перамогамі — 1:1. Аляксандра Сасновіч перамагла Франсуазу Абанду, а Вольга Гаварцова саступіла Аляксандры Вазняк.

У нядзелю Гаварцова прайграла Абандзе (4:6, 4:6), а Сасновіч святкавала перамогу над Вазняк (6:4, 6:4).

Лёс сустрэчы быў вырашаны ў парным паядынку. Беларускі сцяг абаранялі Гаварцова і Сасновіч, якая выйшла замест раней заяўленай Веры Лапко. Нашыя суайчынніцы  паказалі сябе мацнейшымі за Кэрал Чжао і Габрыэлу Даброўскі — 6:2, 6:4.

У красавіку беларускія тэнісісткі ўпершыню ў гісторыі згуляюць плэй-оф Сусветнай групы. Сярод іх патэнцыйных саперніц — зборныя Італіі, Расіі, Румыніі і Нямеччыны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі