Беларускі грузаперавозчык зладзіў перформанс на авіясалоне MAKS-2015

Прадпрымальнік-грузаперавозчык Сяргей Штода на Міжнародным авіяцыйна-касмічным салоне MAKS-2015 у Маскве зладзіў перформанс.

Як перадае Радыё "Свабода", мужчына залез у кабіну ваеннага самалёта-знішчальніка, прадстаўленага на выставе. Там ён разгарнуў самаробны плакат з надпісам "Лукашэнка! Патрабуем амністыі BelToll" Тым часам яго калегі зрабілі некалькі фотаздымкаў. Перашкодаў з боку арганізатараў удалося пазбегнуць.

Сяргей Штода — адзін з лідараў перавозчыкаў, пакрыўджаных сістэмай BelToll. За першыя месяцы працы ў новых умовах ён "наездзіў" на 10 тысяч еўра штрафаў. Штода кажа, быццам ад самага пачатку сістэма працавала са збоямі: бартавыя прыстасаванні не спрацоўвалі пры праездзе пад брамамі ці давалі няправільныя звесткі пра транспарт. Але кіроўцы пра гэта нават не здагадваліся, бо паведамленні пра гэтыя "парушэнні" пачалі прыходзіць праз некалькі месяцаў, калі іх было немагчыма абскардзіць.

Падманутыя кіроўцы і перавозчыкі прапанавалі ўраду правесці "амністыю" — скасаваць штрафы за першыя месяцы працы сістэмы, калі да яе толькі прызвычайваліся. Міністэрства транспарту спярша пагадзілася ануляваць штрафы, але пазней адмовілася. У лютым перавозчыкі збіраліся правесці акцыю пратэсту з публічным спальваннем фураў. За дзень да акцыі Штоду запрасілі на сустрэчу з віцэ-прэм’ерам — нібыта абмеркаваць умовы "амністыі". Але каля Дома ўраду яго арыштавалі на 15 сутак — нібыта за "лаянку ў публічным месцы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі