Беларусь забараніла публікаваць даклад Савета Еўропы пра карупцыю

Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (GRECO) прадставіла ў Савет Еўропы даклад пра карупцыю ў Беларусі. У ім даецца ацэнка выкананню нашай краінай рэкамендацый, атрыманых у 2012 годзе. Беларускія ўлады другі раз забаранілі цалкам публікаваць гэты даклад, паведамілі Еўрарадыё ў Савеце Еўропы. Першы такі выпадак быў у 2012 годзе, калі эксперты GRECO упершыню рабілі аналіз таго, як у Беларусі змагаюцца з карупцыяй.

GRECO адзначаюць у сваім сёлетнім дакладзе, што Беларусь выконвае толькі 4 з 24 рэкамендацыяў з мінулага дакладу:

“Краіна здолела дасягнуць істотнага прагрэсу толькі ў падрыхтоўцы і спецыялізацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ва ўвядзенні новых механізмаў канфіскацый тавараў і ўвядзенні бухгалтарскага ўліку і справаздачаў на аснове міжнародных стандартаў”.

У дакладзе таксама адзначаецца, што большасць рэкамендацый не былі выкананы, у той час як сітуацыя з карупцыяй у краіне патрабуе амбіцыйнага падыходу і больш рашучых дзеянняў.

“GRECO выказвае асаблівую занепакоенасць тым, што ў некаторых галінах, дзе выкананне рэкамендацыяў абсалютна неабходна, не было нават запланавана ці анансавана ніякіх крокаў да зменаў. У выніку, выканаўчая галіна ўлады, асабліва прэзідэнцкая функцыя, не адпавядае дэмакратыі”, — гаворыцца ў дакуменце.

У дакладзе адзначаецца, што ўзровень выканання рэкамендацый — “глабальна нездавальняючы”, нягледзячы на тое, што Беларусь у студзені 2014 года падпісала дадатковы пратакол да канвенцыі Савета Еўропы аб крымінальнай адказнасці за карупцыю.

27 траўня будзе апублікавана кароткае рэзюме даклада. 

Справаздача ахоплівае перыяд з 2012-га, з моманту прыняцця першага ацэначнага дакладу GRECO, да 2014 года.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі