Беларусь пастаўляе ў Грузію васьміногаў і... віно

Беларусь пастаўляе ў Грузію васьміногаў і... віно

"За некалькі гадоў краіны ажыццявілі прарыў у адносінах. Так, у 2016 годзе аб'ёмы гандлю паміж Беларуссю і Грузіяй выраслі на 63,4% — амаль да $ 100 мільёнаў, дасягнуўшы рэкорднага за апошнія пяць гадоў паказчыка. Такіх тэмпаў росту ў нас няма ні з адной краінай", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы ў Мінску з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі.

 

А што на самой справе?

 

Па тэмпах росту тавараабароту Грузія толькі на 12 месцы, саступаючы, напрыклад, Канадзе, Ганконгу, Калумбіі.

У 2016 годзе таваразварот на самой справе вырас на 63%. Аднак тры апошнія гады з 2014-га грузінскі імпарт у Беларусь падае і ўпаў за гэты час у 2,5 раза (у мінулым годзе амаль на 30%).

А вось беларускі экспарт у Грузію — то падае, то расце. Асабліва экспарт вырас у 2016 годзе — адразу ў 2,5 раза (гл. графікі).

У 2016 годзе Грузія пачала купляць наш шампунь, ёгурт (3,5 тоны), сметанковае масла (144 тоны).

Вельмі вырас продаж нашых васьміногаў і мідый (у 2 разы), амаль у 5 разоў прадалі туды больш каўбасы. У 5 разоў вырас продаж нашых грузавікоў, на 20% больш трактароў (83 штукі).

Але асабліва ўражвае продаж у Грузію беларускай мінералкі (аб'ёмы продажу выраслі ў 9 разоў), віна (16 тысяч літраў) і сыроў.

Праўда, грузінскага віна беларусы імпартуюць у 71 раз больш, чым прадаюць туды сваё.

Асабліва кіраўнік беларускай дзяржавы звяртае ўвагу госця на беларускіх турыстаў у Грузію. Паводле версіі Лукашэнкі, у 2016 годзе "плынь беларускіх турыстаў у Грузію павялічылася на траціну". Сайт статыстычнага дэпартамента Грузіі пацвярджае гэта. У 2015 годзе Грузію наведалі 28,9 тысячы беларускіх турыстаў, а ў 2016 годзе — ужо 37 тысяч, гэта на 28% больш. У мінулым годзе беларусы занялі 11-е месца сярод усіх турыстаў, якія наведалі Грузію.

За пяць гадоў плынь нашых турыстаў у Грузію вырасла амаль у 5 разоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі