Банк “БелВЭБ” зноў пад санкцыямі ЗША. Карткі за мяжой будуць працаваць

Беларускі банк “БелВЭБ” трапіў пад пашыраныя санкцыі ЗША ў дачыненні Расіі. Ён з’яўляецца даччыннай структурай расійскага “Знешэканомбанка”, таму на яго распаўсюдзіліся абмежаванні. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на сайт Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў.

У банку Еўрарадыё патлумачылі, што міжнародныя пластыкавыя карткі кліентаў будуць працаваць за мяжой і ніякіх праблем у сувязі з санкцыямі ў кліентаў банка не ўзнікне.

У афіцыйным паведамленні банк растлумачыў, што санкцыі ніяк не паўплываюць на кліентаў і тычацца толькі магчымасці банка браць крэдыты на амерыканскім рынку. А самі санкцыі дзейнічалі і раней, проста зараз амерыканцы прапісалі канкрэтныя назвы даччыных структур "Знешэканомбанка", раней санкцыі распаўсюджваліся на ўсе "дочкі" расійскага банка.

"Апублікаванае Міністэрствам фінансаў ЗША 30 Ліпеня 2015 года ўдакладненне не змяняе і не пашырае пералік аперацый, на ажыццяўленне якіх з ліпеня 2014 распаўсюджваецца забарона з боку дзяржаўных органаў ЗША. Дзеючыя з ліпеня 2014 года санкцыі носяць абмежаваны характар ​​і звязаныя толькі з абмежаваннем доступу Знешэканомбанка і яго даччыных структур да амерыканскага рынку запазычанняў".

Рашэнне аб пашырэнні санкцыяў у дачыненні шэрагу фізічных асобаў, а таксама расійскіх кампаній і іх даччынных структур было апублікаванае 30 ліпеня.

У паведамленні падкрэсліваецца, што санкцыі пашыраныя ў дачыненні фізічных і юрыдычных асобаў, якія выкарыстоўваліся для абыходу ўжо дзеючых абмежавальных захадаў.

Цяпер пад санкцыямі апынуліся структуры “Роснафты” і “Знешэканомбанка”, у тым ліку кіруючая кампанія Расійскага фонду наўпроставых інвестыцый, банк “Глобэкс”, “ВЭБ-лізінг”, “ВЭБ-капітал”, “Сувязь-банк”, “РН-Юганскнафтагаз”, а таксама Іжэўскі механічны завод, “Канцэрн Іжмаш”, холдынг МАКО, камерцыйныя порты ў Крыме.

Абмежаванні пачалі дзейнічаць таксама ў дачыненні шэрагу расійскіх і ўкраінскіх грамадзян, у тым ліку расійскага мільярдэра Рамана Ротэнберга, паплечнікаў збеглага ў Расію прэзідэнта Віктара Януковіча — былога віцэ-прэм’ера, сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэя Клюева, бізнэсмена Сяргея Курчанкі, экс-міністра энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Эдуарда Ставіцкага, а таксама старэйшага сына былога кіраўніка Украіны Аляксандра Януковіча.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі