Бабруйскіх рабочых аштрафавалі за галадоўку — мільён з кожнага

Суд Бабруйска і Бабруйскага раёна 18 снежня аштрафаваў актывістаў Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Мікалая Жыбуля, Алега Шаўчэнку, Аляксандра Варанкіна і Аляксандра Грамыку. Кожнаму прызначылі штраф у 1 млн 50 тысяч рублёў (сем базавых велічыняў), паведамляе БелаПАН.

Актывістаў абвінавацілі ў несанкцыяваным мерапрыемстве. Нагодай стала галадоўка, праведзеная імі 5-14 лістапада. Актывісты пратэставалі супраць свайго звальненьня з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА). Рабочыя перакананыя, што прычынай звальнення стала іх чалецтва ў заводскай арганізацыі СПБ.

З рашэннем суда яны не згодныя і сваёй віны не прызнаюць. Цяпер актывісты вырашаюць, ці варта ім абскардзіць судовую пастанову. Актывісты кажуць, што галоўнай задачай для іх з'яўляецца аднаўленне на працы на заводзе.

Нагадаем, галадоўка працоўных не прынесла выніку, як і іх зварот да кіраўніка дзяржавы.

На фота svaboda.org — звольненыя актывісты ў судзе

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі