Аргкамітэт Дня Волі вырашыў, што шэсце пойдзе на Кастрычніцкую плошчу

Аргкамітэт Дня Волі вырашыў, што шэсце пойдзе на Кастрычніцкую плошчу

Аргкамітэт Дня Волі на сваім пасяджэнні 21 сакавіка вырашыў, што шэсце ў Мінску пойдзе на Кастрычніцкую плошчу. У распаўсюджанай заяве адзначаецца, што ўлады своечасова не далі адказ заяўнікам акцыі 25 сакавіка. Аргкамітэт ацаніў дзеянні чыноўнікаў, як "безадказнасць і грубае парушэнне заканадаўства". Як вядома, заяўнікаў запрасілі ў Мінгарвыканкам на 22 сакавіка, але цяжка прагназаваць, які будзе адказ.

У заяве аргкамітэта святкавання Дня Волі-2017 адзначаецца, што 25 сакавіка збор удзельнікаў акцыі прызначаны на 14-ю гадзіну на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Там адбудзецца мітынг. Пасля гэтага плануецца рух па ходніках праспекта Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы (раней планавалася шэсце да парку Янкі Купалы). Там таксама мусіць адбыцца мітынг, пасля чаго акцыя будзе скончаная.

"Улічваючы негатыўны досвед падзеяў 2010 года, любыя адхіленні ад гэтага сцэнару, у тым ліку працяг руху і выхад на плошчу Незалежнасці, з’яўляюцца небяспечнымі і безадказнымі", — адзначае аргкамітэт. Ён заклікае праваахоўныя органы "забеспечыць канстутыцыйнае права грамадзянаў на правядзенне мірнай акцыі і не перашкаджаць правядзенню мірнага мерапрыемства". У выпадку, калі рух будзе перакрыты, арганізатары заклікаюць удзельнікаў акцыі "не набліжацца да кардонаў і не ўступаць у сутыкненні з супрацоўнікамі міліцыі".

У аргкамітэт святкавання Дня волі ўваходзяць аргкамітэт па стварэнні партыі БХД, АГП, Партыя БНФ, Рух "За свабоду", Рух салідарнасці "Разам".

Як вядома, іншыя палітычныя сілы разглядаюць свае варыянты шэсця (у прыватнасці, Мікалай Статкевіч заявіў пра намер давесці калону людзей да плошчы Незалежнасці). КХП БНФ збіраецца правесці сваю акцыю ў Кіеўскім скверы ў Мінску, на ім будзе абвешчана пра стварэнне руху "За вольную Беларусь".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі