Апазіцыя прапануе ЕС працягнуць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

Апазіцыя прапануе ЕС працягнуць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

Прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і арганізацыяў рыхтуюць сумесную заяву наконт санкцыяў ЕС у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі.

Як паведамлялася раней, 9 і 10 лютага нашу краіну наведаюць дыпламаты шэрагу еўрапейскіх краінаў Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Нямеччыны і Вялікабрытаніі. Іх візіты адбудуцца напярэдадні пасяджэння Савета Еўрасаюза па замежных справах. Яно пройдзе 15 лютага ў Бруселі, і на ім, хутчэй за ўсё, будзе вырашацца далейшы лёс санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. На сёння яны прыпыненыя, аднак гэтая "замарозка" дзейнічае толькі да канца лютага.

Рымашэўскі паведаміў, што сустрэча апазіцыянераў з еўрапейскімі чыноўнікамі запланаваная на вечар 9 лютага. Прадстаўнікі беларускіх партыяў пададуць ім сумесную заяву аб неабходнасці працягнуць санкцыі. На думку Рымашэўскага, у Беларусі нават ва ўмовах прыпынення санкцыяў заўважаецца адсутнасць свабоды рэгістрацыі няўрадавых арганізацый і палітычных партый, ціск на СМІ, пагаршэнне законаў ва ўсіх сферах. Адмена санкцыяў, упэўнены палітык, будзе кепскім сігналам.

Тэкст супольнай заявы, па словах Рымашэўскага, акрамя БХД падпіша таксама Аб'яднаная грамадзянская партыя, Рух "За свабоду", партыя "Справядлівы свет", Уладзімір Някляеў і многія іншыя.

Апазіцыя таксама прапануе ЕС прыняць і апублікаваць план першачарговых мер па дасягненні прагрэсу ў галіне правоў чалавека, які Еўрасаюз чакае ад уладаў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі