Ангела Меркель збіраецца балатавацца на чацвёрты тэрмін

Канцлер Германіі Ангела Меркель збіраецца вылучаць сваю кандыдатуру на чацвёрты тэрмін. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на нямецкае выданне Spiegel.

Меркель ужо абмеркавала падрыхтоўку да выбарчай кампаніі з Петэрам Таўберам — генеральным сакратаром сваёй партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз. Новая выбарчая кампанія павінна пачацца прыкладна праз паўтара года.

Выбары ў бундэстаг, па выніках якіх фармуецца ўрад і вызначаецца канцлер, пройдуць увосень 2017 года. На апошніх парламенцкіх выбарах у 2013 годзе блок з Хрысціянска-дэмакратычнага і Хрысціянска-сацыяльнага саюзаў набраў 41,5% галасоў. Такім чынам ён атрымаў большасць месцаў у парламенце і вылучыў свайго кандыдата ў канцлеры — Ангелу Меркель.
 
Згодна з апошнімі апытаннямі грамадскай думкі, найбольш папулярным палітыкам у ФРГ з’яўляецца міністр замежных справаў, сацыял-дэмакрат Франк-Вальтэр Штайнмаер, якога падтрымліваюць 72% немцаў. На другім месцы кіраўнік мінфіна Вольфганг Шойбле — 70%, на трэцім — Меркель (67%).

Меркель кіруе ўрадам Германіі з 2005 года. Яна змяніла на гэтай пасадзе Герхарда Шродэра.

Фота: EPA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі