Вы тут

Амаль усе вузлы Tor у Беларусі заблакаваныя. Ці могуць заблакаваць VPN і проксі?

Мінсувязі прызнала, што ў Беларусі блакуюцца сродкі для абыходу цэнзуры ў інтэрнэце, як Tor-браўзер. Афіцыйна гэта мера тлумачыцца неабходнасцю забараніць доступ для сайтаў з "чорнага спіса". І гэта сапраўды прапісана ў пастанове ААЦ. Праўда, самой пастанове ўжо два гады, а блакаваць Tor пачалі толькі цяпер. Чаму так і наколькі гэта сур’ёзна, тлумачыць IT-спецыяліст Аляксей Чарняеў.

 

Што гэта за спіс заблакаваных адрасоў?

"Я не магу сцвярджаць на сто адсоткаў, бо афіцыйнай інфармацыі не было. Наколькі мне вядома, з тэхнічнага пункту гледжання гэта адзін спіс, які складаецца з дзвюх частак: першая — заблакаваныя сайты, якая складаецца ўручную, другая — складаецца праз падпіску аўтаматычна. Ёсць нейкая ўстанова, паводле чутак кітайская, якая прапануе падпіску на спіс рэсурсаў, якія могуць выкарстоўвацца для абыхода цэнзуры. У гэтым выпадку абнаўленні высылаюць кітайцы, і там акрамя Tor можа быць любы рэсурс для абыходу цэнзуры — ананімайзеры, проксі, VPN".

 

Як даведалася Еўрарадыё, у гэтым спісе 16 821 унікальны ip-адрас. Сярод гэтых адрасоў 5994 — гэта адрасы Tor. Усяго Tor мае 7010 вузлоў, а гэта значыць, што амаль усе вузлы Tor у Беларусі заблакаваныя.

 

Чаму мы купілі гэты сродак блакавання, умоўна кажучы "скрыню", толькі цяпер і наколькі рэальна гэта працуе?

"Як вы ведаеце, самой пастанове 2 гады. Па маіх звестках, гэту "скрыню" мы набылі яшчэ ў лістападзе мінулага года. Чаму яе год падключалі, гэта пытанне, на якое няма дакладнага адказу, магчыма, зацягнуліся адміністрацыйныя ўзгадненні ці тэхнічна заняло шмат часу. Ці будзе гэта працаваць? Чаму не. Ёсць пытанне, што за кантора прадала гэты сервіс. Калі прыватная — то гэта адно, калі дзяржаўная ці прыватная, але звязаная з кітайскімі дзяржаўнымі структурамі — гэта зусім іншае. Сістэма блакавання інтэрнэту, якая дзейнічае ў Кітаі, не толькі забараняе доступ да адрасоў, яна актыўна шукае гэтыя адрасы і не без поспеху. І калі падпіска, якой будуць карыстацца нашы ўлады, з калядзяржаўных структур і яны маюць доступ да абнаўленняў базы, якая фарміруецца ў межах праекта "Залаты шчыт", больш вядомага, як "вялікі кітайскі файрвол", тады эфектыўнасць можа быць даволі вялікай. Саму сістэму ўключылі яшчэ 28-29 лістапада, і гэта можна пабачыць па графіку выкарыстання Tor у Беларусі".

 

Згодна з аналізам, які зрабілі спецыялісты па просьбе Еўрарадыё, у спісе заблакаваных у Беларусі ip-адрасоў ёсць адрасы проксі-сервераў — каля 7 тысяч, Tor — 5994, дакладна ёсць некалькі адрасоў VPN, ёсць адрасы ананімайзераў. Каб сказаць больш дакладна, патрэбны больш доўгі аналіз усіх адрасоў, але нават па такім хуткім аналізе можна казаць, што ў спісе вельмі шмат сродкаў абыходу цэнзуры.

 

Наколькі складана цалкам прыкрыць усе сродкі абыходу блакіроўкі?

"У нас часта з аптымізмам кажуць, што тэхналогію перамагчы немагчыма. Як бы ні блакавалі, знойдзецца абыход. І часта спасылаюцца на кітайскі досвед, дзе ўлады моцна інвестуюць у блакаване інтэрнэту. Многія кажуць: гэта ж не працуе на 100%. Але яно і не павінна працаваць на 100%, гэта павінна працаваць настолькі эфектыўна, каб адрэзаць большую частку аўдыторыі. І прыклад Кітая не вельмі аптымістычны. Колькасць карыстальнікаў Tor у Кітаі параўнальная з беларускай, нягледзячы на вялізарную розніцу ў колькасці насельніцтва. Кітайцы не перамагаюць глабальна, не могуць спыніць Tor, але выйграюць па балах. Перыядычна ім удаецца давесці сітуацыю да таго, што карыстальнікам становіцца цяжка атрымаць доступ да сродкаў абыходу цэнзуры, і вялікая частка грамадства ізаляваная ад вонкавага інтэрнэту.

Калі перанесці досвед на беларускую сітуацыю, то гэта можа мець даволі сур’ёзныя наступствы. На мой погляд, у Беларусі каля 15 тысяч чалавек маюць практычны досвед выкарыстання Tor. Калі блакаванне стане дастакова шырокім і ў людзей будзе больш матывацыі карыстацца срокамі абыходу цэнзуры, то мы можам пабачыць павелічэнне гэтай лічбы, але наўрад ці яно будзе выбуховым. Вы як медыйшчыкі можаце ўявіць, як бы вы сябе адчувалі, калі б з Беларусі да вашага рэсурсу маглі атрымаць доступ максімум 15-20 тысяч чалавек. Гэта даволі сур’ёзная пагроза. Мы не павінны да яе абыякава ставіцца і суцяшаць сябе тым, што тэхнаглогія непераможная. Ім не трэба стоадсоткавай перамогі, ім дастаткова стварыць складанасці.

Але тут пытанне не тэхнічнае, а палітычнае. Цяпер беларускі ўрад спрабуе сябе пазіцыянаваць як не горшы з магчымых, і сур’ёзна заціскаць гайкі не выгадна. Таму ўсё будзе залежаць ад палітычнай сітуацыі. Сама фармулёўка ў пастанове ААЦ гучыць даволі шырока, яе нават можна сфармуляваць так, што ўсе сайты, якія пішуць, як абыйсці блакіроўку, могуць быць заблакаваныя".

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі