Аляксандр Алесін: Мы цяпер канкурэнты Расіі на рынку ўзбраенняў

Александр Алесин: Мы сейчас конкуренты России на рынке вооружений

Стакгольмскі інстытут даследавання праблем міру (SIPRI) апублікаваў дадзеныя аб пастаўках зброі за перыяд з 2012 па 2016 год ― Беларусь заняла 18-е месца ў топ-25 найбуйнейшых экспарцёраў узбраення. Дзе мы бярэм зброю на продаж: вырабляем, карыстаемся савецкімі запасамі або перапрадаём расейскую зброю? Абмяркоўваем гэтае пытанне ў студыі Еўрарадыё з ваенным экспертам Аляксандрам Алесіным.

Еўрарадыё: Ці можна было чакаць такога нашага выніку?

Аляксандр Алесін: Беларусь раней трапляла ў спіс буйных прадаўцоў ўзбраення ― у сярэдзіне і канцы 90-х гадоў ― калі прадавала арсенал Беларускай ваеннай акругі. Нашумелая здзелка ― продаж штурмавікоў у Перу. Тады Беларусь здзелку ацаніла ў 780 мільёнаў долараў. Кажуць, што падзялілі з расіянамі.

Цяпер сітуацыя некалькі іншая. Вось гэтаму можна, напэўна, трошкі здзівіцца. Усё менш у нашых таварах старых савецкіх узбраенняў і ўсё больш або мадэрнізаваных, альбо распрацаваных і вырабленых ужо ў Беларусі. Думаю, у гэтым рэйтынгу ў далейшым мы не апусцімся ніжэй, колькасць прададзеных ўзбраенняў Беларуссю будзе расці. Граматна распарадзіліся спадчынай Савецкага саюза, прадпрыемствамі, якія тут знаходзіліся. Гэта і рамонтныя заводы, і вытворчасць электронных кампанентаў, сродкаў рухомасці ўзбраення, такіх, як МЗКЦ. Таму гэта асаблівай нечаканасцю не стала.

Еўрарадыё Але больш за ўсё Беларусь атрымала ад продажу паветраных лятальных апаратаў, сістэм супрацьпаветранай абароны і трэцім радком па прыбытковасці ідзе продаж браніраваных баявых машын. Адкуль у нас гэта, калі прадалі ўжо ў 90-я гады тое, што засталося ад Беларускай ваеннай акругі. Гэта адкуль?

Аляксандр Алесін: Патлумачу. Цяпер ідзе пераўзбраенне беларускага войска, здымаюцца з ўзбраення тыя ўзоры, якія выслужылі свае тэрміны. Але старое не утылізуецца, яно мадэрнізуецца. Асабліва самалёты. Ну, і прадаюцца яшчэ больш бедным краінам, якія не могуць сабе дазволіць купіць дарагія баявыя самалёты. Частка рэсурсу аднаўляецца, абсталёўваецца новымі электроннымі кампанентамі. Самалёты і без таго дарагія, нават б/у. Гэта і ёсць наша самая вялікая частка таго пірага, які мы прадаём.

Са сродкамі супрацьпаветранай абароны ўсё сапраўды гэтак жа. Вось мы ў расіян закупілі дзве брыгады С-300. Вызвалілася значная частка старых сістэм ПА ― гэта і С-125, і БУК, ну і ў перспектыве, магчыма, С-200 вызваліцца. І пасля мадэрнізацыі гэтыя сістэмы прадаюцца тым краінам, якія хочуць умацаваць сваю супрацьпаветраную абарону. А ўлічваючы, што электроніка ў іх замяняецца на больш новае праграмнае забеспячэнне, замяняюцца алгарытмы навядзення, то гэтыя сродкі СПА цалкам здольныя выконваць задачу ў сучасных ваенных канфліктах. І такія прыклады мы ведаем: Азербайджан купляў у нас "БУК", і М'янма ― мадэрнізаваны "Квадрат". Гэтыя сістэмы таксама дарагія.

Ну і бранетанкавая тэхніка. У нас маюцца яшчэ бронетранспарцёры БТР-60П, БТР-70 ― зусім старыя. Але пасля мадэрнізацыі, абсталявання іх новымі рухавікамі, новымі прыборамі яны цалкам прыдатныя для выкарыстання краінамі, якія мы называем краінамі, якія развіваюцца, у асноўным ― наогул беднымі. Вось адсюль і асноўны наша прыбытак.

Еўрарадыё: Калі казаць пра М'янму і В'етнам, то тут я з вамі згодны. Але і Кітай купляе нашу тэхніку. Не скажаш, што бедная або адсталая краіна...

Аляксандр Алесін: З Кітаем асаблівыя адносіны. Не сакрэт, што і ва Украіне Кітай купляў, і ў нас, і ў шэрагу іншых краін. Яны купляюць ўзоры савецкага ўзбраення для таго, каб капіяваць. Купляюць не шмат: альбо адзінкава, альбо дробнымі партыямі. І затым іх, так бы мовіць, капіююць, мадэрнізуюць, ставяць сучасную электроніку, і свае ўзоры ўжо рыхтуюць на продаж.

Але сістэма уліку SIPRI вельмі кансерватыўная. Яна ўлічвае толькі ўзбраенне, сродкі паражэння: гарматы, авіяцыйная, бранетанкавая тэхніка. А ў сусветным гандлі зброяй цяпер усё большую ролю адыгрывае, так бы мовіць, электроніка, сродкі электроннай барацьбы, радыёлакатары, сродкі сувязі, сродкі касмічнай разведкі і назірання, беспілотныя авіяцыйныя апараты. Яны вельмі дарагія. Я думаю, што калі б ўлічыць гэтую тэхніку, то пазіцыя Беларусі была б яшчэ вышэй. Таму што ўся гэтая тэхніка вельмі дарагая, значна даражэйшая, чым старое "жалеза", якім мы гандлюем. Нават калі яно мадэрнізаванае.

Еўрарадыё: Усё, што мы прадавалі, гэта чыста наш прыбытак? Ці мы дзейнічаем сумесна з Расіяй, да прыкладу?

Аляксандр Алесін: Я думаю, што любы гандаль ўключае ў сябе яшчэ і пасрэднікаў. І некаторыя здзелкі мы выконваем сумесна з Расійскай Федэрацыяй. Дапусцім, пастаўкі сістэмы "Пячора-2М", якія робіць фінансава-прамысловая група "Абарончыя сістэмы". У склад удзельнікаў ўваходзяць як беларускія прадпрыемствы, так і расійскія. Як дзеліцца паміж імі прыбытак ад продажу, я не ведаю.

Еўрарадыё: Вы не дапускаеце такога варыянту, што мы займаемся продажам расійскай тэхнікі або ўзбраенняў. Можа быць, там нейкія санкцыі, эмбарга, а мы вось так абыходзім...

Аляксандр Алесін: Гэта было ў мінулым. У тыя самыя 90-я гады, калі расіянам было нявыгадна свяціцца ў гарачых кропках, на рынках адыёзных рэжымаў, якія маглі б, так бы мовіць, прыпсаваць Расіі рэнамэ. Акрамя таго, у Расіі практычна няма ніякіх абмежаванняў. Яна нават Ірану прадае сістэмы СПА. Я думаю, у гэтым плане мы цяпер канкурэнты Расіі, бо некаторымі ўзорамі мадэрнізаванай тэхнікі гандлюе і сама Расія.

Еўрарадыё: Калі пачнём гандляваць нармальная сучаснай зброяй беларускай вытворчасці, а не мадэрнізаванай савецкай?

Аляксандр Алесін: Вось, нядаўна прайшла інфармацыя, што бронемашына "Кайман" рыхтуецца да дзяржаўных іспытаў. Гэта выраб чыста беларускай вытворчасці, але "донарамі" для яго выступілі бронетранспарцёры БТР-60П, ад якіх ўзялі масты, тарсіённую падвеску, і выведвальныя машыны БРДМ, ад якіх ўзялі корпусы.

Але ўся справа ў тым, што ў нас няма ні металургічнай вытворчасці, ні вытворчасці бронекорпусаў, катанага бранявога ліста. Шмат чаго няма. І, у прынцыпе, грэх не скарыстацца тым "жалезам", якое ў нас маецца. У далейшым, магчыма, мы будзем нешта купляць па кааперацыі. Я вось неяк пісаў матэрыял, дзе можна кааперавацца з украінцамі, у якіх усе гэтыя вытворчасці ёсць. Але, на жаль, дэзарганізацыя на шматлікіх вытворчых прадпрыемствах дайшла да такой ступені, што цяжка пра нешта дамовіцца, скааперавацца. Ну, і акрамя таго, расіяне будуць коса глядзець.

Таму, няправільна казаць, што гэта не наша вытворчасць, калі мы выкарыстоўваем корпусы, выкарыстоўваем падвеску, рухавікі расійскай вытворчасці, але ўсталёўваем нашы радыёэлектронныя сродкі сістэмы навядзення, кіравання зброяй. Гэта сусветная практыка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі