Адкуль у Беларусі ўзяліся лішнія яблыкі? (статыстычнае расследаванне)

Адкуль у Беларусі ўзяліся лішнія яблыкі? (статыстычнае расследаванне)

Намеснік генпракурора Расіі Уладзімір Маліноўскі на пасяджэнні аб'яднанай калегіі Генеральных пракуратур дзвюх краін паведаміў, што Беларусь увезла ў Расію ў пяць разоў больш яблыкаў і грыбоў, чым вырасціла. "Забароненыя да ўвозу ў Расію тавары нярэдка пастаўляюцца па падробленых таварасуправаджальных і фітасанітарных дакументах. Напрыклад, у 2015 годзе ў Расію імпартавана 573 тысячы тон беларускіх яблыкаў і грыбоў. Паводле дадзеных Мінсельгаса Беларусі, гэта ў пяць разоў перавышае сабраны ўраджай", — абураецца Маліноўскі.

 

Паспрабуем разабрацца, адкуль мы ўзялі столькі яблыкаў.

Спачатку раздзелім — яблыкі асобна, грыбы асобна. У мінулым годзе наш яблычны экспарт у Расію склаў 518 тысяч тон. Гэта ўдвая больш, чым у 2014. Зарабіла Беларусь на гэтым 90 мільёнаў долараў. Грыбоў прадалі расіянам 50 тысяч тон. У выніку за 2015 год маем 569 тысяч тон прададзеных расіянам грыбоў і яблыкаў. У паведамленні Генпракуратуры Расіі, нагадаю, 573 тысячы тон. Лішнія 4 тысячы, некрытычна.

Цяпер давайце паглядзім на наш яблычны імпарт. У 2015 годзе Беларусь купіла 731 тысячу тон яблыкаў. Грыбоў — амаль 50 тысяч тон.

Яшчэ наш уласны ураджай! У 2014 сабралі 97 тысяч тон айчынных яблык. Інфармацыю аб ураджаі за 2015 год у Мінсельгасхарчы Еўрарадыё аператыўна даць не змаглі. І сапраўды, беларусы прадалі ў Расію ў 5 разоў больш, чым вырасцілі самі.

А цяпер падлічым усе яблыкі!

Прывезлі з-за мяжы 780 тысяч тон яблыкаў і грыбоў (208 тысяч тон яблыкаў — з Польшчы, якія у Расіі забароненыя). Яшчэ каля 100 тысяч тон вырасцілі самі. У выніку маем 880 тысяч тон. У Расію ў гэтым жа годзе мы прадалі 569 тысяч тон яблыкаў і грыбоў. Розніца — каля 300 тысяч тон (акурат тут схаваліся 208 тысяч тон забароненых у Расіі польскіх яблыкаў). Можам сказаць, што з'елі самі. 30 кілаграмаў у год на кожнага беларуса — не так і шмат.

 

Так што злавіць нас на яблыках расійскай Генпракуратуры будзе няпроста. Калі што, у адказ можам запытаць, у якой губерні нашы ўсходнія суседзі вырасцілі 19 тысяч тон прададзеных нам у 2015 годзе бананаў і 4 тоны ананасаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі