Абараніць Еўропу ад тэрарыстаў можа “архітэктура бяспекі”

Абараніць Еўропу ад тэрарыстаў можа “архітэктура бяспекі”

У панядзелак у горадзе Аль-Арыш у Егіпце тэрарыст-смяротнік пратараніў на грузавіку з выбухоўкай КПП. А яго паплечнікі абстралялі блокпост.  Падчас тэракту загінулі мінімум врсем чалавек.

А ў нядзелю ў самым цэнтры Іерусаліма грузавік на вялікай хуткасці ўехаў у натоўп вайскоўцаў. У выніку чатыры чалавекі загінулі, яшчэ пятнаццаць атрымалі траўмы.

Улады Ізраіля назвалі напад спланаваным тэрарыстычным актам, а яго выканаўцу прыхільнікам “Ісламскай дзяржавы”.

Кібератакі, тэрарысты-смяроткіні з выбухоўкай ці на крадзеных грузавіках, якія яшчэ праявы тэрарызму пагражаюць нашаму рэгіёну. Еўрарадыё размаўляе з экспертам Цэнтра даследавання тэрарызму Collegium Civitas Кшыштафам Ледэлем.

 

Еўрарадыё: Узмацненне бяспекі ў буйных гарадах Еўропы прымушае тэрарыстаў змяніць тактыку, чаго еўрапейцам чакаць цяпер?

Кшыштаф Ледэл: Перадусім непакоіць той факт, што тэрарысты ўсё часцей сталі выкарыстоўваць тактыку “самотнага воўка”, так бы мовіць, яны становяцца сола-тэрарыстамі. Гэта людзі, якія не маюць кантактаў з тэрарыстычнымі арганізацыямі, а дзейнічаюць самастойна. І гэта вельмі ўскладняе працу спецслужбам, якім прасцей сачыць за арганізаванымі структурамі.

Сола-тэрарысты для тэрактаў выкарыстоўваюць звычайныя для людзей рэчы, напрыклад, аўтамабілі ці нажы, бо яны нават не маюць доступу да агнястрэльнай зброі ці выбухоўкі.

 

Еўрарадыё: А чаму апошнім часам у сваёй дзейнасці тэрарысты сталі ўсё часцей выкарыстоўваць фуры?

Кшыштаф Ледэл: Гэта звязана з тым, што фура гэта вельмі прадуктыўны сродак нападзення. На такой машыне можна задавіць вялікую колькасць людзей. Таксама падобныя тэракты вельмі паказальныя і прыцягваюць вялікую ўвагу. А менавіта гэтага і дабіваюцца тэрарысты.

 

Еўрарадыё: Нядаўна ў Ізраілі тэрарыст на фуры ўехаў на натоўп вайскоўцаў. Загінулі чатыры чалавекі. Ці можна было прадухіліць падобны тэракт?

Кшыштаф Ледэл: Варта адзначыць, што ў Ізраілі праваахоўнікі маюць вялікі досвед барацьбы з рознымі відамі тэрарыстаў. Для абароны людзей ад нападнікаў на фурах у гэтай краіне выкарыстоўваюць так званую архітэктуру бяспекі. Напрыклад, аўтобусныя прыпынкі ў Ізраілі абстаўленыя бетоннымі слупамі, якія робяць немагчымымі наезды на людзей. Падобную практыку варта пераняць і еўрапейскім краінам.

 

Еўрарадыё: А чаму яны яшчэ не пераймаюць падобную практыку?

Кшыштаф Ледэл: Пераймаюць. Ужо на сённяшні дзень у многіх краінах ЕС пры будаўніцтве грамадскіх аб’ектаў абапіраюцца на архітэктуру бяспекі. Сярод іншага, шкло ў многіх гандлёвых цэнтрах зробленае такім чынам, каб пры тэрарыстычнай атацы быў знішчаны не ўвесь будынак, а толькі яго частка.

 

Еўрарадыё: Ісламскія тэрарысты пераносяць сваю дзейнасць у Еўропу, наколькі гэта сур’ёзная пагроза для краін усходняй Еўропы (Польшчы, Беларусі, Расіі)?

Кшыштаф Ледэл: Што тычыцца Усходняй Еўропы, а ў прыватнасці, Беларусі, Польшчы ці Украіны, то гэтыя краіны не з’яўляюцца прывабнымі для тэрарыстаў “Ісламскай дзяржавы”. Аднак не варта выключаць той факт, што іншыя тэрарыстычныя групоўкі могуць зацікавіцца гэтым рэгіёнам. У гэтым выпадку пэўную пагрозу могуць несці чачэнцы, якія далучыліся да так званага “сусветнага джыхаду”.

 

Еўрарадыё: Калі мы ўжо закранулі тэму чачэнцаў, то па гэтай прычыне Польшча так баіцца прыняць чачэнскіх уцекачоў, якія спрабуюць патрапіць у Польшчу праз Беларусь?

Кшыштаф Ледэл: Калі казаць пра праблему ўцекачоў у Польшчы, то гэтая праблема, хутчэй, мае палітычны характар, як ўнутранай палітыкі, так і міжнароднай. Няма нейкага тлумачэння, акрамя палітычнага, бо нельга паставіць знак роўнасці паміж тэрарыстам і бежанцам. Але палітычныя погляды вырашаюць, таму палякі даволі скептычна ставяцца да гэтага пытання.

 

Еўрарадыё: Забойства расійскага дыпламата ў Турцыі з’яўляецца адказам на удзел Расіі ў Сірыі. Падобна, што пачнецца хваля тэрору, скіраваная супраць Расіі. Што мы можам чакаць у бліжэйшай будучыні, ці зменшыць спыненне вайны пагрозу тэрору?

Кшыштаф Ледэл: Я думаю, што амерыканская аперацыя ў Сірыі прыносіць поспех і мусіць нас задавальняць. Аднак ніхто не хавае і большaсць аналітычных асяродкаў указвае на тое, што разам з поспехамі ўзрастае ступень пагроз у такіх месцах, як Еўропа ці ЗША. Бо "Ісламская дзяржава", маючы дзяржаўную структуру, уласную тэрыторыю, перарастае ў сеткавую структуру. I рознага віду ячэйкі ці тэрарысты-адзіночкі будуць здзяйсняць тэрарыстычныя напады ў Еўропе. 

 

Еўрарадыё: Вайна з тэрарызмам гэта складаны комплекс дзеянняў. У сувязі з кібератакамі хакераў  на амерыканскія серверы, спецслужбы ЗША спынілі кантакты са спецслужбамі Расіі. Як гэта паўплывае на барацьбу з тэрарызмам, пра якую так шмат кажуць улады Расіі?

Кшыштаф Ледэл: Міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам немагчыма чымсьці замяніць, яно абавязковае. Варта памятаць, што тэрарызм не мае межаў і носіць глабальны характар. Розныя палітычныя праблемы адбіваюцца, безумоўна, на міжнародным супрацоўніцтве. Мы можам канстатаваць, што пасля 11 верасня супрацоўніцтва паміж ЗША і Расіяй было інтэнсіўным і мела пэўныя станоўчыя вынікі. Цяпер жа, калі маем новыя палітычныя рэаліі, вядома, што супрацоўніцтва паміж гэтымі краінамі не будзе такім цесным, аднак і далей будзе існаваць: службы будуць мяняцца інфармацыяй, будуць дапамагаць ў антытэрарыстычных дзеяннях, але, безумоўна, на ніжэйшых узроўнях гэтае супрацоўніцтва рэалізоўвацца будзе па-рознаму.

 

Еўрарадыё: Кібератакі былі не толькі на амерыканскія серверы, але на серверы еўрапейскіх устаноў. Як будзе выглядаць супрацоўніцтва паміж Расіяй і еўрапейскімі краінамі ў галіне бяспекі?

Кшыштаф Ледэл: Калі казаць пра інфармацыйную вайну і пра кіберпрастору, то гэта барацьба будучыні. Асобныя блокі будуць самастойна рыхтавацца да тэрарыстычных пагроз, але ў будучыні супрацоўніцтва непазбежнае і з Расіяй. На сённяшні дзень супрацоўніцтва з Расіяй неэфектыўнае па шмат якіх параметрах, цяжка сказаць, хто дакладна стаіць за хакер-атакамі. Вядома, што асобныя дзяржавы будуць змагацца з гэтымі пагрозамі, але пэўная дыстанцыя ў найбліжэйшы час будзе адчувацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі