ААН разглядзіць скаргу бацькі Галіны Процька

ААН разглядзіць скаргу бацькі Галіны Процька

Гучная справа пачалася ў 2010-ым годзе. Галіну Процька затрымалі на беларуска-украінскай мяжы, калі тая ехала ў Турцыю на вяселле да малодшай сястры. Жанчына ехала на машыне з Гомеля ў Кіеўскі аэрапорт не адна, з ёй былі дзве дзяўчыны, якія ўсю дарогу да мяжы распытвалі яе, дзе і як можна падпрацаваць у Турцыі. Як высветлілася пазней, дзяўчыны аказаліся супрацоўніцамі праваахоўных органаў і ўсю размову запісвалі на дыктафон. На мяжы Галіну ўжо чакалі, не толькі супрацоўнікі МУС, але і здымачная група БТ. Ужо на раніцу рэпартаж паказалі ў перадачы “Зона Х”, Галіну Процька назвалі арганізатарам вывазу дзяўчат за мяжу.

У СІЗА Галіна правяла адзін год і два месяцы, раённы суд вынес прыгавор у сем гадоў. Процькі падалі касацыю ў Гомельскі абласны суд, і вышэйшая інстанцыя перакваліфікавала артыкул на “спробу прыцягнення да занятка прастытуцыяй”. Па новым артыкуле Галіне Процька прысудзілі два гады пазбаўлення волі.

Галіна Процька выйшла на волю праз паўтары гады па амністыі. Пасля турмы жанчына не можа ўладкавацца на працу па спецыяльнасці, да заключэння яна працавала дзіцячым лагапедам.

Падчас тых падзей яе бацька Аляксандр Процька спрабаваў правесці пікет, на якім ён планаваў выказаць свой пратэст за пераслед яго дачкі. У пікеце яму адмовілі, пасля чаго Процька і звярнуўся ў Камітэт ААН.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што скарга Аляксандра Процькі будзе разглядацца ад двух да трох гадоў. Менавіта столькі ідзе перапіска з урадам Беларусі, бо там даюць па паўгода кожнаму боку, каб выказаць свае меркаванні.

Гэтая скарга будзе разгледжаная не раней за 2017-ы год. Я дапамагаў Аляксандру рыхтаваць гэтую скаргу. Тут адназначна будзе парушэнне права на выказванне свайго меркавання. Таму што ўлады забаранілі яму пратэставаць: сказалі, што ён быццам не тое месца ў горадзе замовіў, не аплаціў паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку, медыцыны і санітарнай ачысткі горада. Гэтае рашэнне, як і іншыя, беларускія чыноўнікі, урад, у прыватнасці, МЗС яны лічаць іх неабавязковымі для выканання. Але гэта ўжо асобная тэма”.

Фота: wikipedia.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі