90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне

90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне

Юбілей святкуе маленькая чорная сукенка. 90 гадоў таму францужанка Како Шанэль упершыню прадставіла сваё самае вядомае тварэнне.

Універсальную мадэль жаночай сукенкі, якая падыходзіць і для вечарынкі, і для дзелавой сустрэчы, мадэльер распрацавала ў 1926 годзе. 1 кастрычніка фатаграфія сукенкі з'явілася ў амерыканскім часопісе Vogue. Пад здымкам стаяў подпіс: "Гэтая простая сукенка стане свайго роду уніформай для жанчын з густам". Часопіс канстатаваў, што сілуэт сукенак Chanel добра падкрэслівае жаночую фігуру. А брытанская прэса тут жа прыдумала назву, якую шэдэўр Како Шанэль і носіць па гэты дзень — "little black dress". Поспех па часе супаў з папулярнасцю аўтамабіляў Ford мадэлі "Т", таму ў Амерыцы сукенку празвалі на французскі манер — "La Ford". Сукенкі, як і аўтамабілі, былі простыя і даступныя ўсім сацыяльным класам.

90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне
Першае з'яўленне ў часопісе Vogue

Да таго моманту чорны колер асацыяваўся з жалобай і не карыстаўся поспехам, але з прыходам маленькай чорнай сукенкі стаў вельмі папулярны. Како Шанэль аднойчы сказала: "Калі ў жанчыны няма маленькай чорнай сукенкі, значыць, у яе няма будучыні".

У адпаведнасці з правіламі, прыдуманымі францужанкай, сукенку трэба было насіць з мінімалістычнымі аксесуарамі — вузкімі туфлямі з закрытым наском і мініяцюрнай элегантнай сумачкай.

90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне
Адзін з першых варыянтаў сукенкі на аўкцыёне Christie's

Пік папулярнасці сукенкі прыйшоўся на 1950-я гады, калі яе адкрыў для сябе Галівуд. Кінарэжысёраў сукенка прыцягнула тым, што, дзякуючы сваёй прастаце, яна не адцягвала ўвагу ад індывідуальнасці яе гаспадыні.

90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне
Мэрылін Манро ў кампаніі Тоні Кёрціса і Джэка Лемана. "У джазе толькі дзяўчаты" (1959)

Другое нараджэнне сукенка атрымала ў 1961 годзе, калі на экраны выйшла культавая кінадрама Блэйма Эдвардса "Сняданак у Ціфані". У "маленькай чорнай сукенцы" дэфілявала выканаўца галоўнай ролі, Одры Хэпберн. У 2006 годзе яна была прададзеная за мільён долараў на аўкцыёне Christie's.

90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне
Кадр з кінафільма "Сняданак у Ціфані"

На працягу дзевяці дзясяткаў гадоў, якія прайшлі са дня нараджэння "маленькай чорнай сукенкі", яе сілуэт і фасон раз-пораз мяняліся. Свае версіі прапануе ледзь не кожны куцюр'е. Але базавым варыянтам ўсё роўна застаецца мадэль, прыдуманая Како Шанэль.

90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне

Маленькая чорная сукенка вельмі папулярная сярод знакамітасцяў. Ідэальнай яе лічаць Вікторыя Бэкхэм, Мадона, Наомі Кэмпбэл. У ёй неаднаразова былі заўважаныя Элізабэт Хёрлі, Кіра Найтлі, Міла Ёвавіч, Ніколь Кідман. Актрыса Сара Джэсіка Паркер настолькі адданая ёй, што замуж за Мэцью Бродэрыка выходзіла ў чорнай шлюбнай сукенцы.

90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне
Мэцью Бродэрык і Сара Джэсіка Паркер

"Кароткія сукенкі даўжэй застаюцца моднымі, чым доўгія", — лаканічна тлумачыла Како Шанэль сакрэт даўгалецця і папулярнасці свайго вынаходніцтва.

Бонус ад Еўрарадыё: вядучыя эфіру Ліза Кучаравая і Вольга Міцкевіч у маленькіх чорных сукенках.

90 гадоў таму францужанка Како Шанэль прадставіла сваё самае вядомае тварэнне

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі