13 пытанняў пра хвалю рэпрэсій у Беларусі

13 пытанняў пра хвалю рэпрэсій у Беларусі

1. Што адбываецца?

Беларускія сілавікі праводзяць масавыя затрыманні ў Мінску і Бабруйску. Сярод затрыманых бізнэсоўцы, супрацоўнікі МУС і МНС, дэмакратычныя актывісты.

2. Хіба у нас не "адліга"?

Пэўны час таму міліцыя амаль перастала затрымліваць апазіцыянераў. Падчас пікетаў сілавікі складалі на пратэстоўцаў пратаколы, а суды каралі іх вялікімі штрафамі. Але ў лютым 2017 года актывізаваліся пратэсты супраць дэкрэта №3 Аляксандра Лукашэнкі "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". 17 лютага ў Мінску прайшоў "Марш абураных беларусаў", які сабраў блізу дзвюх тысяч удзельнікаў. Наступнымі днямі аналагічныя акцыі прайшлі ў рэгіёнах. Пратэстоўцы патрабавалі адмены дэкрэта, але ўлады вырашылі падкарэктаваць, а не адмяніць дакумент. Таму ў сакавіку масавыя пратэсты працягнуліся. Улады адказалі на іх адміністрацыйнымі арыштамі: цягам двух тыдняў за краты трапіла больш за 200 чалавек.

3. Затрыманыя 21-23 сакавіка таксама ўдзельнічалі ў нейкай пратэстнай акцыі?

Не. Але па версіі беларускага КДБ, збіраліся ўдзельнічаць. Супраць затрыманых распачатая крымінальная справа за навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэкса). У сюжэтах пра затрыманні паказалі хлопца, які распавядае пра планы “радыкалаў”: "Паступіла паведамленне, што 25 сакавіка калона дэманстрантаў будзе атакаваная прарасійскімі сіламі, якія могуць пакалечыць людзей. Нам было сказана, каб мы былі напагатове, каб у выпадку чаго маглі аказаць ім супраціўленне". У хлопцы апазналі колішняга студэнта гістарычнага факультэта БДУ Яўгена Палтаржыцкага. Верагодна, ён таксама затрыманы.

Блогер і былы палітвязень Эдуард Пальчыс мяркуе, што напярэдадні акцыі 25 сакавіка ўлады затрымліваюць усіх апазіцыянераў, якія маюць хаця б якія-небудзь лідарскія здольнасці.

4. Што будзе 25 сакавіка?

25 сакавіка — Дзень волі. У гэты дзень апазіцыя традыцыйна ладзіць шэсце ў памяць аб абвяшчэнні Беларускай народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. Неўзабаве Рада незалежнай беларускай дзяржавы была вымушаная пакінуць Мінск, а пасля і Беларусь, і па сёння дзейнічае ў выгнанні.

Звычайны маршрут мінскага шэсця на 25 сакавіка — ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Але сёлета акцыя наклалася на пратэсты супраць "дармаедскага" дэкрэта №3, таму апазіцыянеры вырашылі пайсці ў цэнтр сталіцы, на Кастрычніцкую плошчу. Мінскія ўлады акцыю не дазволілі, але і не забаранілі, пакінуўшы зварот яе арганізатараў без адказу.

13 пытанняў пра хвалю рэпрэсій у Беларусі
"Марш абураных беларусаў" у Мінску. Фота: Еўрарадыё

5. З чаго ўсё пачалося?

Увечары 18 сакавіка Ніна Шыдлоўская паведаміла пра ўзлом старонкі свайго сябра Міраслава Лазоўскага ў "Фэйсбуку". Лазоўскі быў адным з лідараў падпольнай спартова-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая дзейнічала з 1996 па 2006 год. "Цяпер ад яго [Лазоўскага] імя рассылаюць правакацыйны заклік адносна 25 сакавiка, да якога ні ён асабіста, ні агулам "Белы легіён" не мае дачынення. Гэта правакацыя! Заяўляю адказна і кампетэнтна!"напісала Шыдлоўская.

Праз тры дні пасля публікацыі гэтага паведамлення Лазоўскі быў затрыманы.

6. Што за "Белы легіён" і хто такі Міраслаў Лазоўскі?

"Белы легіён" — спартова-патрыятычная арганізацыя, якая падпольна працавала ў Беларусі ў 1990-я. Яна была заснаваная на базе моладзевага крыла ДРАБ (Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі), ліквідаванага ўладамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў. У 1996-1999 гадах у "Белым Легіёне" было прыкладна 200 чалавек. "Легіянеры" ўдзельнічалі ва ўсіх буйных акцыях апазіцыі канца 1990-х. Але пасля 1999 года арганізацыя, фактычна, спыніла сваю дзейнасць. Частка сяброў БЛ сышла ў бізнес, іншыя былі заўважаныя ў ахове апазіцыйных лідараў. Апошняя згадка пра "Белы Легіён" з'явіліся ў 2008 годзе, калі былых кіраўнікоў арганізацыі Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сержука Чыслава затрымалі па справе выбуху 3-га ліпеня 2008 года. У хуткім часе іх вызвалілі з пад варты.

Міраславу Лазоўскаму 43 гады. У "Белым легіёне" ён быў заўважнай фігурай, але пасля ліквідацыі арганізацыі адыйшоў ад справаў і заняўся кнігавыдавецкім бізнэсам. Лазоўскі працаваў у выдавецтве "Беларускі кнігазбор".

7. Калі і чаму Лазоўскага затрымалі?

Увечары 21 сакавіка сілавікі ў цэнтры Мінска спынілі аўтамабіль Лазоўскага, які ехаў з офіса дадому. Па словах яго нявесты, каля васьмі вечара яго прывезлі ў кватэру. Лазоўскі быў скрываўлены, рукі былі ў кайданках. У яго дома адбыўся вобшук.

На гэты момант адзінай крыніцай звестак пра затрыманне Лазоўскага з'яўляюцца сюжэты, паказаныя па беларускім тэлебачанні ўвечары 23 сакавіка. Там сказана, што бізнесовец вазіў у машыне "аўтамат без прыклада і нумара, а таксама два магазіны з патронамі да яго".

Таксама ўвечары 21 сакавіка былі затрыманыя гандляр кнігамі Алесь Яўдаха і ратавальнік з МНС Андрэй Дундукоў.

Палітолаг Андрэй Партонікаў звязаў іх затрыманне з заявай Аляксандра Лукашэнкі пра разгорм беларускімі спецслужбамі лагера для падрыхтоўкі баевікоў. "Беларускія сілавікі трапілі ў сітуацыю, калі ўмовы трэба падганяць пад вынік. Калі вынік абвешчаны, што затрыманыя дзясяткі баевікоў, недзе ж трэба гэтых баевікоў узяць. І таму сістэма запрацавала. Яны паднялі свае ўліковыя базы дадзеных і паглядзелі на людзей, якія там значацца, як, умоўна кажучы, схільныя да экстрэмісцкіх ці сілавых дзеянняў — вось і ўсё. І я думаю, што гэта не апошнія затрыманні", — мяркуе Паротнікаў.

8. Што сказаў Лукашэнка?

На сустрэчы з рабочымі завода "Кранаспан" на Магілёўшчыне Аляксандр Лукашэнка распавёў пра затрыманне "некалькіх дзясяткаў баевікоў", якія "рыхтавалі правакацыю са зброяй". Адзін з лагераў, у якіх трэніраваліся баевікі, па словах кіраўніка дзяржавы, "быў у раёне Бабруйска і Асіповіч". Іншыя лагеры — у суседніх дзяржавах: былі названыя Украіна, Польшча і Літва.

 

Відэа БелТА пра "арсенал" "баевікоў"

9. Як суседзі Беларусі адрэагавалі на заяву пра лагеры з баевікамі?

"Выказванні кіраўніцтва Беларусі пра нібыта падрыхтоўку на тэрыторыі Украіны ўзброеных баевікоў не адпавядаюць рэчаіснасці, з'яўляюцца правакацыйнымі і шкодзяць развіццю добрасуседскіх адносін паміж Украінай і Беларуссю", адказалі на словы Аляксандра Лукашэнкі ў Міністэрстве замежных справаў Украіны. У той жа час, Служба бяспекі Украіны запатрабавала ад беларускіх уладаў пацвярджэння інфармацыі пра існаванне на ўкраінскай тэрыторыі лагераў з баевікамі.

Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус назваў заяву Аляксандра Лукашэнкі выдумкай і высмактанымі з пальца небыліцамі. "У недалёкім мінулым мы бачылі пазітыўныя знакі, мы б хацелі, каб сітуацыя не разгарнулася ў горшы бок. Спадзяемся, што мы не вернемся да сітуацыі, калі ў Беларусі былі палітычныя зняволеныя", — сказаў Лінкявічус. Кіраўнік парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Вітаўтас Бакас быў не менш катэгарычны. На яго думку, заява Лукашэнкі — "поўная бязглуздзіца".

Палякі таксама звярнулі ўвагу на хвалю рэпрэсій у Беларусі. "Маўчанне Польшчы для прэзідэнта Лукашэнкі гэта заахвочванне, зялёнае святло, каб гэтыя рэпрэсіі абвастрыць. Заклікаем польскі МЗС і кіраўніцтва Польскага сейма агалосіць пратэст супраць таго, што робіцца ў Беларусі. Гэта трэба спыніць, — выказаўся Старшыня камісіі Сейма Польшчы па справах Беларусі, дэпутат Роберт Тышкевіч. — Гэта тэст для Польшчы і польскай дыпламатыі: альбо Польшча як заўсёды заступіцца за арыштаваных, альбо будзем хаваць галаву ў пясок і рабіць выгляд нейкага пацяплення ў час, калі людзі ў Беларусі робяцца вязнямі".

10. Што кажуць беларускія спецслужбы?

У прэс-службах МУС, КДБ і Пракуратуры даваць афіцыйныя каментарыі адмаўляюцца.

11. Каго яшчэ затрымалі?

Праваабаронцам на гэты момант вядома пра 22 затрыманых. Спіс папаўняецца. Дзяржаўныя тэлеканалы паведамляюць пра 26 затрыманых.

Не менш як 14 чалавек затрымана 21-22 сакавіка, гэта колішнія сябры "Белага легіёна", былыя ўдзельнікі бабруйскага клуба "Патрыёт" і гандляр кнігамі Алесь Яўдаха, дачыненне якога да абедзвюх арганізацый не пацверджанае. Таксама ўлады абвясцілі паляванне на колішніх сяброў зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт". Былі затрыманыя Зміцер Дашкевіч, Арцём Леўчанка і Сяргей Пальчэўскі, бізнесовец Павел Юхневіч (асуджаны на 7 сутак), актывісты Зміцер Крамянецкі і Раман Васільеў. Прычым, Дашкевіча і Леўчанку "павязалі" ў кватэры пісьменнікаў Уладзіміра Арлова і Валянціны Аксак, дзе яны ўсталёўвалі кухню. Цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

З раніцы 23 сакавіка затрыманні працягнуліся. Прычым, за краты пачалі трапляць людзі, вельмі не падобныя да баевікоў. Каля 11:45 затрыманы лідар прадпрымальніцкага аб'яднання "перспектыва" Анатоль Шумчанка. Яго даставілі ў аддзел міліцыі Маскоўскага раёна, з таго часу камунікацыя з ім адсутнічае.

Прыкладна ў той жа час на вачах сына адбылося затрыманне палітолага Алеся Лагвінца. "Падбеглі пяць чалавек, трое схапілі бацьку, яшчэ двое — мяне. Без формы. Гадоў па 35, каротка стрыжаныя, — распавёў пра затрыманне Антось Лагвінец. — Я моцна крычаў. Людзі паспрабавалі нас адбіць, але адзін з нападнікаў пачаў тыкаць ім у твар коркай. Ні прозвішча, нічога разабраць нельга было". Увечары Алеся Лагвінца пачалі судзіць, але неўзабаве звезлі ў лякарню: у палітолага зламаны нос і страсенне мазгоў.

12. Прычым тут клуб "Патрыёт" з Бабруйска?

Спартова-патрыятычны клуб "Патрыёт" шмат гадоў працуе ў Бабруйску пры Цэнтры творчасці Ленінскага раёна. Сэнс існавання клуба ў патрыятычным выхаванні беларускай моладзі. Сюды ўваходзіць вывучэнне гісторыі Беларусі з ранняга Сярэднявечча да сучаснасці і фізічнае выхаванне.

"Мы ніякага дачынення не маем да экстрэмізму. Баевікоў я не рыхтую — гэта адназначна, — распавядае кіраўнік клуба Мікалай Міхалькоў. — Нашы выхаванцы паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку і сілавога блоку. Больш за тое: нас "гэтая" структура сама кантралюе. У нас ёсць куратар "зверху". Таму я ў шоку ад раздзьмутага скандалу і ад гэтага ўсяго".

"Задачай "Патрыёта" было прывіць дзецям любоў да войска, каб яны не "касілі", — распавядае пра свае ўражанні ад заняткаў у клубе адзін з яго выхаванцаў Мікалай Парфёнаў.

13 пытанняў пра хвалю рэпрэсій у Беларусі
Зборы ў летнім лагеры "Патрыёта". Фота: komkur.info.

13. Што паказваюць па тэлевізары?

Увечары 22 сакавіка на беларускім тэлебачанні з'явіліся сюжэты пра затрыманні былых удзельнікаў "Белага легіёна". Сюжэт на канале "Беларусь-1" зроблены ў адказ незалежным медыя, якія, па словах дыктаркі, спрабуюць "абяліць" баевікоў. У кадры ― архіўныя здымкі і свежае відэа: КДБ штурмуе кватэру колішняга сябра "Белага легіёна" Віктара Данілава.

Відэа: "Беларусь-1"

Шмат увагі нададзена быццам бы заляпанай кроўю карціне, на якой трое ўдзельнікаў “БЛ” у масках і са зброяй выяўленыя на Плошчы Незалежнасці. Па падлозе раскладзены "арсенал": некалькі ствалоў, гранаты, патроны.

Сюжэт, паказаны па тэлеканале АНТ, яшчэ цікавейшы: на аператыўных здымках бачна, што"баявік" Дзянісаў трымаў "гранаты"... на палічках з кнігамі!

13 пытанняў пра хвалю рэпрэсій у Беларусі
Скрыншот з сюжэта на тэлеканале АНТ.

Увечары 23 сакавіка затрыманням прысвяцілі яшчэ некалькі сюжэтаў. У іх паведамляецца, што адзін з затрыманых паказаў схованку зброі ў раёне вёскі Церабейнае ў Стаўбцоўскім раёне. Пералічаюць тое, што знайшлі ў актывістаў "Белага легіёна" і "Маладога фронту": аўтамат Калашнікава, 59 патронаў, пісталеты, гранаты, нажы і сякеры, бронекамізэлькі, шаўроны батальёна "Азоў", дапаможнікі па вядзенні баявых дзеянняў у горадзе, прадметы для вырабу самаробных выбуховых прыстасаванняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі